27 ліпеня ў Маскве разагналі несанкцыянаваную акцыю пратэсту супраць парушэньняў падчас выбарчай кампаніі ў Маскоўскую гарадзкую думу (у Беларусі аналяг – Менская рада дэпутатаў).
Пратэст разагналі дастаткова жорстка – з удзелам паліцыі ды Расгвардыі. На працягу аднога дня было арыштавана больш за 1300 чалавек. У тым ліку затрымалі і лідэраў пратэстаў – незарэгістраваных кандыдатаў у гарадзкую думу.
Хто гэтыя лідэры і што пра іх вядома:
Любоў Собаль
Юрыст «Фонда па барацьбе з карупцыяй», працуе ў штабе Навальнага.
Была затрыманая пасьля мітынга, які прайшоў 14 ліпеня на Навапушкінскім сквэры. 25 ліпеня у Маскоўскім выбаркаме абмяркоўвалася пытаньне, каб дапусьціць Собаль да выбараў, але ў выніку ёй адмовілі.
У адказ Собаль абвясьціла галадоўку. Паліцыя вынесла яе з будынку Маскоўскага выбаркама на канапе і адвезьлі ў аддзел паліцыі.
Дзьмітры Гудкоў
У мінулым дэпутат расейскай дзярждумы. Яго абвінавачваюць у перашкодзе працы выбаркамаў і ў парушэньні правілаў правядзеньня мітынгаў з прычыны акцыі ў Новапушкінскам скверы і мітынгу ля мэрыі. 30 ліпеня Гудкова арыштавалі на 30 сутак. Ён некалькі разоў быў на допытах у Следчым камітэце, а ў кватэры Гудкова адбыўся ператрус.
Канстанцін Янкаўскас
У 2011 годзе заснаваў Штаб Зюзіна – грамадзкае аб’еднаньне жыхароў раёна Зюзіна горада Масквы.
Адзін з кандыдатаў у Маскоўскую гарадзкую думу.
15 ліпеня Янкаўскаса абвінавацілі ў арганізацыі сустрэчы выбаршчыкаў з кандыдатамі на Трубнай плошчы. Суд палічыў гэта арганізацыяй незаконнага мітынгу. Скончылася гэта тым, што за дзень да мітынгу пракуратура пачала адміністрацыйнае расьсьледаваньне.
Увечары 26 ліпеня да бацькоў Янкаўскаса прыйшлі з ператрусам. Янкаўскас прапісаны ў іх кватэры, але даўно там не жыве.
27 ліпеня палітык прыйшоў на мітынг у цэнтры Масквы, дзе яго і арыштавалі. Выпусьцілі ў панядзелак 29 ліпеня і тады ж суд арыштаваў Янкаўскаса на сем сутак.
Юлія Галяміна
Муніцыпальны дэпутат і кандыдат у Масгардуму і выкладчык МДУ, атрымала 10 сутак адміністрацыйнага арышту за заклікі выйсьці на акцыю (на Цьвярской) 27 ліпеня ў «Фэйсбуку».
26 ліпеня на Галяміну і іншых лідэраў апазыцыі было заведзена адміністрацыйнае расьсьледаваньне аб падрыхтоўцы акцыі пратэсту.
Тады ж у штабе кандыдаткі прайшлі ператрусы.
Яшчэ перад пачаткам мітынгу паліцыя прыйшла з ператрусам ужо ў кватэру Галямінай. Толькі потым яе затрымалі і павезьлі ў суд, аднак паседжаньне перанесьлі на 31 жніўня.
Міхаіл Сьветаў
Лідэр Лібэртарыянскай партыі Расеі. Таксама быў затрыманы адразу пасьля няўдалай спробы дамовіцца наконт месца праведзяньня мітынгу.
Напярэдадні Лібэртарыянская партыя падала ў сталічную мэрыю заяўку ад штаба незалежных кандыдатаў на правядзенне 3 жніўня мітынгу на Лубянскай плошчы.
Улады ўхвалілі заяўку – але на праспэкце Сахарава. Гэты выбар не задаволіў заяўнікаў і ад ідэі правесьці мітынг на Сахарава яны адмовіліся.
Афіцыйная прычына арышту – удзел у мітынгу на Трубной плошчы. Сьветаву пагражае адміністрацыўны штраф ад 150 да 300 тысяч рублёў, ці абавязковая праца на тэрмін ад 42 гадзінаў, ці адміністрацыўны арышт до 30 сутак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Маскоўскія пратэстоўцы: саюзьнікі беларусаў ці будучыя апанэнты?Падрыхтаваў Ян Поклад