«Я не зьбіраюся абмяркоўваць сваё асабістае жыцьцё» — адказала Нобэлеўская ляўрэатка пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч Свабодзе на просьбу больш дэтальна патлумачыць яе адказ польскаму выданьню Gazeta Wyborcza, што яна «сама кахала ў жыцьці і жанчын, і мужчын».
«Гэта было па ходу інтэрвію, на чужую шчырасьць я сказала сваю шчырасьць, але больш на гэтую тэму я не зьбіраюся гаварыць, — кажа нобэлеўская ляўрэатка. — То абмяркоўваюць, у якім доме мне жыць, то з кім мне спаць. Ужо ня тыя часы, я ўжо ня ў той якасьці. Я магу жыць так, як я разумею, як я хачу. Што я і рабіла заўсёды».
У вялікім інтэрвію польскаму выданьню Gazeta Wyborcza беларуская нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч распавяла пра працу над кнігай пра каханьне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч: У жыцьці я кахала і мужчын, і жанчынПісьменьніца патлумачыла, чаму анансаванай некалькі гадоў таму кнігі пра каханьне няма дагэтуль. Паводле Алексіевіч, яна піша вельмі павольна і каб напісаць кнігу, мусіць апытаць тысячу людзей.
У кнізе пра каханьне, як кажа Алексіевіч, яна спачатку плянавала зрабіць 50 жаночых апавяданьняў і 50 мужчынскіх, але праз тры гады пісьменьніца зарыентавалася, што ня здолее «прабіцца да мужчын».
«Што тое, што я пра іх напішу, будзе можа і цікавым, але павярхоўным і банальным. Гэта ня будзе літаратура высокае клясы. Бо я ня здолею спытацца ў іх, як належыць. Цяжка, я напішу гісторыю пра каханьне жанчын».
На пытаньне, ці ў кнізе будзе таксама пра каханьне жанчын да жанчын, Алексіевіч адказала:
«Вядома. Каханьне — гэта каханьне. Важна, што цуд здарыўся, а з кім — гэта ўжо менш істотна. Я сама кахала ў жыцьці і жанчын, і мужчын».