Асноўнымі мэтамі было захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці, уплыў на амэрыканскіх палітыкаў з мэтай спрыяньня дасягненьня незалежнасьці Беларусі, змаганьне за дэмакратыю і правы чалавека на Бацькаўшчыне.
За сем дзесяцігодзьдзяў актывісты БАЗА правялі сотні культурніцкіх мерапрыемстваў і палітычных акцый, некалькі дзесяцігодзьдзяў арганізацыя выдае газэту "Беларус".
Вось як ацэньвае вынікі дзейнасьці цяперашняя старшыня Галоўнай Управы БАЗА Натальля Федарэнка:
— Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне зрабіла шмат для пашырэньня беларускай пазнавальнасьці і захаваньня беларускай культуры. Дзякуючы актыўнасьці беларусаў у эміграцыі і, у прыватнасьці, у Амэрыцы, імя Беларусі загучала мацней на розных узроўнях міжнароднай камунікацыі. Актывісты БАЗА працягваюць трымаць кантакт з урадавымі ўстановамі ЗША для аб’ектыўнага асьвятленьня падзеяў у Беларусі з мэтай падтрымкі беларускага народа. Важным дасягненьнем нашай працы лічым кантакт з беларусамі на Бацькаўшчыне. Мы стала падтрымліваем розныя сацыяльныя, літаратурныя і творчыя праекты ў Беларусі, пашыраем кантакты з беларускімі актывістамі, запрашаем іх у госьці дзеля культурнага і адукацыйнага абмену.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы Амэрыкі адзначаюць 100-годзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці БНР— За сем дзесяцігодзьдзяў у працы БАЗА ўдзельнічалі некалькі пакаленьняў эмігрантаў — пачынаючы з заснавальнікаў, тых, хто прыехаў у Амэрыку ў канцы 1940-х гадоў. Яшчэ нядаўна арганізацыю ўзначальваў Антось Шукелойць — легенда беларускай дыяспары. З БАЗА зьвязаныя такія дзеячы дыяспары, як Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Ала Орса-Рамана, Вячка Сітанкевіч. Ці існуе пераемнасьць паміж старой і новай плынямі эміграцыі?
— Пераемнасьць, безумоўна, існуе. Для мяне асабіста — гэта гонар працягваць працу людзей, якія стварылі беларускі сусьвет у Амэрыцы. Да сёньня існуе беларускі цэнтар у Брукліне пры саборы Сьв. Кірылы Тураўскага, дзе пачыналася Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне і дзе працягвае сваю дзейнасьць.
Ужо шмат людзей адышлі ад сваіх справаў: зьмянялася царкоўнае і БАЗАўскае кіраўніцтва, а царква стаіць і цэнтар працуе. Канешне, як і ў любым грамадзтве, моладзь імкнецца шукаць новыя шляхі разьвіцьця, а вопытныя старэйшыя засьцерагаюць ад памылак, што часам прыводзіць да сутыкненьняў меркаваньняў і ідэй. Але паразуменьне, як вядома, існуе там, дзе людзі хочуць і намагаюцца паразумецца.
Дзякуючы нашым старэйшым, што цярпліва ставяцца да новых ідэяў ад маладзёнаў, і дзякуючы моладзі, што паважліва прыслухоўваецца да старэйшых сябраў, мы надалей працуем на карысьць беларушчыны.
Найбольшая розьніца паміж старымі і маладымі сёньня — гэта палярнасьць сьветаўспрыняцьця ў старэйшых, і яе адсутнасьць у маладых.
Жыцьцё многіх старых беларусаў прайшло ў змаганьні за права беларусамі звацца на Бацькаўшчыне ці ў замежжы, і гэты стэрэатып у паводзінах не заўсёды зразумелы сёньняшняй моладзі. Маладзёны, у сваю чаргу, жадаюць сябраваць ці мець карысныя стасункі з усім сусьветам, што не заўсёды зразумела старым.
— Юбілей — нагода для беларусаў яшчэ раз сабрацца вялікай грамадой, але ў Нью-Ёрку ў гэтыя дні яно адзначацца ня будзе.
— Сьвяткаваньне вырашана правесьці ў кастрычніку, у час, калі ня будзе вялікай сьпекі і будуць вялікія выходныя па амэрыканскім календары. Чакаем пабачыць сябраў з розных куткоў Амэрыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рада БНР узнагародзіла мэдалямі амэрыканскіх дыпляматаў і беларускіх дзеячоў замежжаФіліі БАЗА існуюць у шмат якіх штатах Амэрыкі, а актывісты Задзіночаньня маюць трывалыя кантакты з палітыкамі, у тым ліку сэнатарамі і кангрэсмэнамі.
Да прыкладу, кіраўнік Вашынгтонскага адзьдзелу Вячаслаў Бортнік зьяўляецца афіцыйным прадстаўніком БАЗА ва Ўсходне- і Цэнтральна-Eўрапейскай Кааліцыі (CEEC). Заснаваная ў 1994 годзе, Кааліцыя абʼядноўвае 18 нацыянальных сяброўскіх арганізацый, якія прадстаўляюць інтарэсы амэрыканцаў армянскага, беларускага, баўгарскага, вугорскага, грузінскага, латвійскага, літоўскага, польскага, румынскага, славацкага, украінскага, чэскага і эстонскага паходжаньня.