Урад Беларусі вызначыў эканамічныя задачы на 2020 год, паведаміў 30 ліпеня прэм’ер-міністар Сяргей Румас на пасяджэньні ў Савеце міністраў, піша БелТА.
Паводле Румаса, ключавымі паказьнікамі эфэктыўнасці работы ўраду і Нацбанку на 2020 год прапануецца вызначыць:
- тэмп росту ВУП — 102,5%,
- тэмп росту прадукцыйнасці працы — 102,1%,
- прыцягненне наўпроставых замежных інвэстыцый у аб’ёме $ 1,7 млрд,
- інфляцыя за год не павінна перавысіць 5 %.
У адпаведнасьці з прагнозам:
- рэальныя наяўныя даходы насельніцтва ў 2020 годзе павінны вырасьці на 2,4%,
- рэальны заробак — на 2,1%.
- прырост экспарту тавараў і паслуг чакаецца на ўзроўні 3,3%,
- сальда замежнага гандлю прагназуецца дадатным на ўзроўні 1% ВУП.
Пры гэтым Румас падкрэсьліў агульную тэндэнцыю да запаволеньня тэмпаў росту сусьветнай эканомікі і адзначыў, што днямі экспэрты зь Міжнароднага валютнага фонду і Сусьветнага банку зноў пагоршылі прагнозы на 2019–2020 год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінэканомікі: Рост эканомікі Беларусі замарудзіўся праз брудную расейскую нафтуВУП Беларусі ў першым паўгоддзі 2019 году вырас на 0,9% пры мэтавым прагнозе ўраду ня меней за 1,8%. Паводле прагнозу уладаў, па выніках году ВУП Беларусі павінен вырасьці на 4% у 2019 годзе — такую задачу паставіў Аляксандар Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эканамічныя рэформы для цяперашняй палітычнай улады Беларусі — гэта прамая пагроза»Між тым міжнародныя фінансавыя інстытуты чакаюць росту беларускай эканомікі ў межах 2% сёлета. Згодна з прагнозам Сусьветнага банку за чэрвень, рост ВУП Беларусі ў 2019 годзе складзе 1,8%, у 2020-м — 1,3%, у 2021-м — 1,2% (у параўнаньні са студзеньскай ацэнкай эканамічны прагноз для Беларусі на 2019–2021 гады пагоршыўся на 0,9, 1,2 і 1,3 працэнтнага пункта адпаведна).
У траўні пагоршыў прагноз па Беларусі і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР): у абноўленым травеньскім аглядзе гаворыцца, што у 2019 годзе беларуская эканоміка вырасьце на 2%, а ў 2020 годзе — на 1,8% ( лістападзе 2018 году ў традыцыйным рэгіянальным аглядзе ЭБРР прагназаваў рост 2,5%).
У красавіцкім дакладзе World Economic Outlook Міжнародны валютны фонд таксама пагоршыў прагноз росту ВУП Беларусі да 1,8% у 2019 годзе. У 2020-м, паводле МВФ, рост ВУП складзе 2,2%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ спрагназавала, якія страты будуць у эканомікі Беларусі ад расейскага падатковага манэўру