Расея вярнула Ўкраіне сабаку з захопленага буксіра «Яны Капу». Яго аддалі сям’і ўкраінскага марака Сяргея Чулібы, зараз сабака знаходзіцца ў Хэрсонскай вобласьці.
На момант захопу Джэсі была трохмесячны шчанюком.
Паводле адваката Анастасіі Самарукавай, пасьля арышту ўкраінскіх маракоў сабаку забралі супрацоўнікі памежнай службы ФСБ Расеі ў Керчы. «Перамовы аб тым, як нам лепш вярнуць сабаку, доўжыліся каля чатырох месяцаў. У выніку мой падабаронны Ўладзімір Цярэшчанка напісаў заяву на імя сьледчага, у якім ён прасіў аддаць ягонага сабаку Джэсі свайму адвакату, то бок мне. Сьледчы адказаў, што не пярэчыць. пасьля атрыманьня неабходных дакумэнтаў мы прыехалі ў Керч і, уласна, нам аддалі сабаку», — распавяла Самарукава.
Каардынатар групы адвакатаў украінскіх маракоў Мікалай Полазаў распавёў, што сабака знаходзіўся на тэрыторыі памежнай службы восем месяцаў.
«Джэсі там была на ланцугу, не сказаць, што да яе там дрэнна ставіліся, не. Яе там кармілі, але яна ўсё роўна знаходзілася ў такіх паўвулічных умовах. Так атрымалася, што патрапіла яна да іх зусім маленькай, ёй было тры ці чатыры месяцы. Я калі даведаўся пра яе, яшчэ, памятаю, сказаў, што выратуем сабачку — выратуем і маракоў», — кажа Полазаў.
У лістападзе 2018 году расейскія памежнікі спачатку пратаранілі, а затым абстралялі тры ўкраінскія караблі ў Керчанскай пратоцы недалёка ад берагоў анэксаванага Крыму. Паводле сьцьвярджэньня ўкраінскіх уладаў, гэта адбылося пасьля таго, як караблі пакінулі 12-мільную зону ля берагоў Расеі — гэта значыць па-за тэрыторыяй, якую Расея пасьля анэксіі называе сваёй.
Памежнікі захапілі 24 чалавекі, якія былі на караблях. Спачатку іх зьмясьцілі ў ізалятар у Крыме, а затым перавезьлі ў Маскву і ўжо больш за паўгоду ўтрымліваюць у СІЗА Ляфортава. На дадзены момант іх абвінавачваюць у незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы РФ, і ўлады Расеі зьбіраюцца судзіць іх па крымінальным артыкуле. Украіна ж настойвае, што захопленыя ўкраінскія маракі зьяўляюцца ваеннапалоннымі, а не крымінальнымі злачынцамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трыбунал ААН: Расея мусіць вызваліць маракоў, якіх захапілі ў Керчанскім пралівеУ красавіку Ўкраіна зьвярнулася ў Міжнародны трыбунал па марскім праве, і суд вынес рашэньне на яе карысьць, прадпісаўшы вызваліць маракоў і караблі. Расея выконваць рашэньне трыбуналу адмовілася. Адзінае, на што расейскія ўлады гатовыя былі пагадзіцца, — перадаць маракоў Украіне пад пісьмовыя гарантыі ўладаў, што крымінальны перасьлед маракоў на радзіме будзе працягнуты, прычым «у адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам». Украінскія ўлады на гэтыя ўмовы не пагадзіліся.