Упраўленьне нагляду за выкананьнем заканадаўства на транспарце і ў мытных органах Генпракуратуры прааналізавала прычыны і ўмовы, якія спрыяюць карупцыі ў арганізацыях Беларускай чыгункі, паведамілі ў аддзеле інфармацыі ведамства.
Як адзначылі ў ведамстве, у першым паўгодзьдзі 2019 году асудзілі 5 службоўцаў Беларускай чыгункі, агулам у 23 эпізодах:
- два работнікі асуджаныя за атрыманьне хабараў (арт. 430 Крымінальнага кодэксу Беларусі),
- два — за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424 КК),
- адзін — за даваньне хабару (арт. 431 КК).
Агулам за гэты пэрыяд зарэгістравана 17 фактаў атрыманьня хабараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ і памежнікі злавілі працаўнікоў беларускай чыгункі на перавозцы нелегалаў з РасеіЯк адзначылі ў ведамстве, у значнай колькасьці выпадкаў злоўжывалі службовымі паўнамоцтвамі, бралі і давалі хабар кіраўнікі арганізацый і інжынэры матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня ў сфэры закупак тавараў. На думку пракуратуры, гэта ня толькі «наносіць эканамічны ўрон арганізацыям, але і ставіць пад пагрозу бясьпечную эксплюатацыю чыгуначнага транспарту».
У ведамстве прыйшлі да высновы, што прычыны такой сытуацыі — у недахопах сыстэмы арганізацыі закупак у Беларускай чыгунцы і адсутнасьці належнага кантролю з боку кіраўніцтва арганізацый за працай падначаленых.
Па выніках аналізу профільнае ўпраўленьне Генпракуратуры накіравала на імя начальніка Беларускай чыгункі інфармацыйную запіску, якая будзе дэталёва разгледжаная на пасяджэньні антыкарупцыйнай камісіі дзяржаўнага аб’яднаньня.