«Валідол, майткі і шакаляд». Што бязьвізавыя турысты вывозяць з Горадні? ФОТА

Belarus - What visa-free tourists buy in Hrodna, 25Jul2019

«Набываюць усё. Усё што заўгодна. У кожныя выходныя тут турыстычныя аўтобусы», — кажуць у горадзенскай краме трыкатажу. Бязьвізавыя турысты ў цэнтры Горадні паказалі свае пакупкі. Праўда, акрамя адной.

Гавораць не па-нашаму і нікуды не сьпяшаюцца

Ад пачатку дзеяньня бязьвізавага рэжыму (26 кастрычніка 2016 году) Горадню наведалі каля 200 тысяч турыстаў з 70 краінаў.

Каб убачыць, што набываюць у Горадні турысты, перадусім трэба іх знайсьці. Улетку нават у будзённы дзень замежнікі ў старым горадзе сустракаюцца праз аднаго ці праз двух.

Турыстаў адрозьнівае выгляд і гаворка

Дастаткова прыслухацца да гаворкі: спрэс польская, шмат літоўскай, месцамі ангельская, нямецкая, гішпанская. Сталага веку літоўцы і латышы ў крамах і транспарце пераходзяць на расейскую з выразным акцэнтам. Калі чуваць расейская мова без характэрнага беларускага вымаўленьня — побач, хутчэй, госьці з Расеі.

Замежнікі часта ходзяць з фотаапаратамі і нікуды не сьпяшаюцца

Іншаземцаў адрозьнівае ня толькі іншы тып зьнешнасьці і стыль адзеньня. Яны часта ходзяць групкамі, з фотаапаратамі, не сьпяшаюцца і ўважліва разглядаюцца па баках, азіраюцца, ці не згубіўся хто са сваіх.

Адметная рыса — новыя торбы ў руках з брэндам той ці іншай крамы.

«Нехта бярэ на 300 рублёў, а нехта — адны майткі»

У краме трыкатажнага беларускага адзеньня Mark Formelle кажуць, што на выходных наведнікаў цэлыя аўтобусы. Больш за ўсё літоўцаў і расейцаў, апошнім часам і палякі пачалі набываць беларускі тэкстыль.

«Набываюць усё: джэмпэры, майткі, швэдры, сукенкі, станікі, шкарпэткі, нагавіцы. Усё што заўгодна. Нехта бярэ на 300 рублёў, а нехта на 50. А хтосьці адны майткі або шкарпэткі», — кажуць прадавачкі ў краме.

Ежы і Эва з Варшавы прыехалі ў Горадню гадзіну таму, глядзяць горад і яшчэ не пасьпелі нічога набыць. Але ўжо маюць пляны.

«Абавязкова будзем набываць магніцікі, зэфіркі, квас, гарэлку або лікёр», — пералічвае Ежы.

«І пярсьцёнак», — дадае Эва.

Ежы і Эва з Варшавы плянуюць набыць зэфір і гарэлку

«А вы нешта прадаяце? Не? Ня можа быць. Саромеецеся, а мы б набылі», — жартуюць палякі.

«Беларуская касмэтыка таньнейшая і высокай якасьці»

Вікторыя разам зь сябрам прыехалі зь нямецкага Штутгарта. У іх пакеты зь Мікі-Маўсам, гэта прадукцыя фабрыкі бялізны і панчохаў Conte.

«Мы набылі шкарпэткі, майткі і майкі, а таксама льняныя вырабы. Ды проста чорныя шкарпэткі, нічога цікавага», — тлумачыць Вікторыя. Ейны сябар муляецца, але ўрэшце паказвае пакупкі.

Госьці зь Нямеччыны набылі звычайную ніжнюю бялізну

Групка турыстаў з латвійскага гораду Ма́дана разышліся па пешай вуліцы невялікімі кампаніямі.

Марыя дэманструе слоічкі і цюбікі касмэтыкі зь ня самай таннай горадзенскай крамы.

Марыя набыла беларускую касмэтыку, бо ў тае нізкі кошт і высокая якасьць

«У нашым узросьце ўжо, ведаеце, трэба», — быццам апраўдваецца за крэмы Марыя.

Набывае іх у Беларусі праз добрую якасьць і значна ніжэйшы кошт.

Юрыс прызнаецца, што набыў бабруйскі зэфір — толькі паспытаць, тры штучкі.

«Кажуць, што латвійскі лепшы», — сьмяецца ён.

Юрыс мяркуе, што латвійскі зэфір смачнейшы

«Валідол таньнейшы ў 5–10 разоў»

Тры сястры Валянціна, Людміла і Галіна не адразу знаходзяцца, што адказаць — ці яны мясцовыя, ці прыежджыя. Толькі Людміла жыве ў Горадні. Валянціна ў 1990-х зьехала ў Літву, а Галіна — у Расею.

Тры сястры. Валянціна (пасярэдзіне) даўно пераехала ў Літву

«Я заўсёды набываю ў Беларусі лекі, бо беларускія лекі ад ціску, валідол таньнейшы разоў у 5–10 і больш якасны. Таксама набыла беларускую касмэтыку, туш», — кажа Валянціна.

Турысткі кажуць, што лекі ў Беларусі таньнейшыя

Галіна набыла ніжнюю бялізну фірмы Lauma.

«Ня буду паказваць, а то вы яшчэ папросіце прымераць. Але я штогод прыяжджаю і набываю сабе бялізну», — кажа Галіна.

«Мы, тры сястры, чакаем сустрэчы. У нас у асноўным душэўны набытак», — тлумачыць Людміла, якая штогод чакае сясьцёр у госьці.

«Калі набываеш дзьве пары абутку, то зьніжкі»

Пасярод Савецкай вуліцы ідуць з каробкамі абутку ў вялікіх пакетах Агнэса і Яніс з Латвіі.

Агнэса і Яніс відаць з пакупкамі здалёк

Яніс набыў сабе адразу дзьве пары чорных ботаў розных мадэляў. Агнэса — чатыры пары абутку сабе і сынам.

Яніс набыў дзьве пары ботаў для сябе

«У Беларусі таньней, але не нашмат. Калі набываеш дзьве пары абутку, то зьніжкі. У вас добрая якасьць», — кажа Агнэса.

Да таго ж жанчына набыла абрус — кажа, «прыгожы», праўда, не з аршанскага лёну. А яшчэ — сувэнір-амялушку для ўнукаў і амарэта «для сваіх мужчын».

«Нашыя куплялі лён, ручнікі, каму што трэба. Ня надта таньнейшае, але якаснае», — дадае ейная спадарожніца Яніна.

Яніна

Трохдзённая экскурсія па Горадні і Друскеніках выйшла ім па 154 даляры з чалавека.

«У Францыі цэняць ручныя вырабы з бурштыну»

Зыта і Бэніта з Латвіі пераконваюць, як і многія папярэднія суразмоўцы, што прыехалі не на шопінг, а на экскурсію. Пакупкі — пры нагодзе, як сувэніры для сяброў. Яны паказваюць ручнікі і сурвэткі аршанскага льнокамбінату, «белітаўскі» шампунь. Купілі таксама магніцікі, кубкі, беларускі бальзам.

Зыта набыла льняныя сурвэткі

«Вядома, мы хацелі паспытаць вашыя бальзамы. Не адкаркоўвалі, бо для падарунку», — кажа Зыта.

Марыя жыве 13 гадоў у Францыі побач з горадам Ліможам, улетку прыяжджае да сваякоў. У Горадні набывае ўпрыгожаньні з бурштыну ў падарунак сябрам.

Марыя вязе ў Францыю вырабы з бурштыну

«Гэта там вельмі цэняць. Тут упрыгожваньні таньнейшыя і цікавейшыя, у Францыі гэтага ня знойдзеш. Там ручная праца вельмі рэдка сустракаецца», — кажа Марыя.

Яна трымае ў руках некалькі падарункавых пакецікаў зь бялізнай фірмы «Мілавіца» — для сябровак. Паказваць саромеецца — сподняе. Павязе ў Францыю таксама цукеркі і шакаляд ад «Камунаркі». Зэфір не купляе — «бо французы такога не разумеюць, не прывыклі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт расказаў, як выглядае тыповы турыст-іншаземец, які прыехаў у Беларусь

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь плянуе ўвесьці для іншаземцаў электронныя візы