Прадпрымальніцу Лілію Калюжную ў Гомлі ведаюць бадай усе, хто мае творчыя, турыстычныя і спартовыя «актыўнасьці». У бізнэс яна прыйшла ў 90-х як «муза свайго мужа». Цяпер сама займаецца арганізацыяй фэстаў, кіруе крэатыўнай прасторай, добра зарабляе і выдатна адпачывае.
Лілія Калюжная адметная тым, што:
- арганізавала першы ў Беларусі міні-каворкінг для рамесьнікаў «Свая палічка»;
- зарэгістравала і ўзначаліла ўстанову «Файны ўзрост»;
- прыцягнула на «Сваю палічку» псыхолягаў, рамесьнікаў, журналістаў, раварыстаў, бізнэсоўцаў, падарожнікаў, іншаземцаў, валянтэраў і пэнсіянэраў;
- удзельнічала ў міжнародным праекце — здымках дакумэнтальнага фільму «Woman»;
- рыхтуе першы ў Беларусі «Фэст шчасьлівых людзей», якім 45+;
- заўсёды ўсьміхаецца;
- ня скардзіцца, не наракае на жыцьцё;
- любіць «гарачыя» танцы і спорт;
- на тэрыторыі ў 44 квадратныя мэтры робіць вялікія справы.
Ложак для сына купілі за прададзеныя батарэйкі
У 1990-х Лілія скончыла каапэратыўны інстытут, яе муж — політэхнічны. Яна была бухгальтарам, ён — інжынэрам-электроншчыкам. Міхаіл працаваў на радыёзаводзе. Лілія нарадзіла сына. Калі заробак мужа-інжынэра «дасягнуў» 20 даляраў, было вырашана, што «так жыць нельга». У крамах была сьмяротная нуда і адсутнасьць тавараў. Жыцьцё перамясьцілася на рынкі.
«Прыйшлі і мы паглядзець — што там ды як. Я ўбачыла ўпершыню легінсы. Яны каштавалі 50 даляраў. Ох, блін, — думаю, — крута! Хацелася б мець, але такія грошы розумам не спасьцігнуць», — са сьмехам прыгадвае прадпрымальніца.
Мужа радыёзавод накіраваў у краму электронікі набыць батарэйкі для станкоў. Ён зьдзівіўся, убачыўшы, колькі яны каштуюць — капейкі. Гандляваць у Саюзе ня надта ўмелі, батарэйкі былі акісьленыя, мелі нетаварны выгляд. Міхаіл пахадзіў, падумаў, праверыў іх адмысловай апаратурай — выявілася, што прыдатныя. Ён зь сябрам выкупіў усю партыю.
«У будні ён працаваў за капейкі на заводзе. У выходныя начамі карпеў над батарэйкамі — чысьціў іх і запайваў паяльнікам у поліэтылен. Па суботах і нядзелях а трэцяй уночы выпраўляўся зь вялікай торбай на Цэнтральны рынак, каб заняць найлепшае месца. Рынак яшчэ быў зачынены — пералазіў цераз плот», — апавядае Лілія.
За першыя грошы, выручаныя ад продажу батарэек, купілі сыну ложак. Тры гады батарэйкі кармілі сям’ю. Потым Міхаіл езьдзіў у Маскву — адтуль вёз у Гомель тое, што рэклямавалі па тэлевізары. Гэта абумоўлівала посьпех продажу — сухія напіткі Yuppi, парфума, фарба для валасоў Londacolor, цацкі, спартовы інвэнтар.
«Тады можна было ўзяць 100 даляраў і лёгка пераўтварыць іх у 300. А можна было паехаць у Маскву і вярнуцца бяз грошай і тавару. Магчымасьцяў было шмат, але і рызыкі таксама. Патрэбна была рашучасьць. Мы зь сяброўкай вырашылі езьдзіць у Варшаву, адтуль прывозілі адзеньне», — расказвае Лілія.
Засталася адна — давялося працаваць за дваіх
Бізнэс пашыраўся. З ганку Цэнтральнага рынку, дзе Міхаіл гандляваў батарэйкамі, прадпрымальнікі перамясьціліся ў палаткі. З палатак — у «ралеты». Купілі месца на Давыдаўскім рынку. Там Лілія пачала гандляваць сама. Яна ж вяла і бухгальтарскі ўлік — дапамагла адукацыя, атрыманая ў каапэратыўным інстытуце. Потым нанялі на працу прадаўцоў, набылі нерухомасьць.
У 2008 годзе здарылася бяда — загінуў Міхаіл. Засталіся малыя дзеці — Марце было паўтара года, Пецю — 14.
«Давялося шмат працаваць, за дваіх. Ня толькі ўтрымліваць справу, але і разьвіваць. Падтрымалі сябры, калегі, прадпрымальнікі з нашага аб’яднаньня «Адзінства». Цяжка было. Але хочаш больш грошай — больш працуй. Цяпер дарослы сын кажа, што трэба знайсьці такую формулу, каб менш працаваць і больш зарабляць. Калі знойдзе яе, ён геній. Я пакуль прытрымліваюся такой: «больш працуеш — больш маеш», — заўважае Лілія.
Яна не хацела, каб тата асацыяваўся ў дзяцей з тым, што ён ня дома, а на могілках. Таму на помніку няма партрэта. Дома ж фота Міхаіла ўсюды. «Сын трымае пры сабе партрэт таты. Ён зьвярае сваё жыцьцё зь ягоным жыцьцём. Лічу, гэта правільна», — зазначыла Лілія.
У 2013 годзе яна закрыла сваю краму спартовых тавараў. Зьмяніўся час — на рынак прыйшлі буйныя вытворцы, як грыбы расьлі супэрмаркеты. «Усё зьмяняецца. У бізнэсе можаш утрымацца і зарабіць, калі ты актуальны», — зазначыла прадпрымальніца.
Сваю нерухомасьць яна пачала здаваць у арэнду пад краму шлюбных сукенак, ювэлірных вырабаў. Потым арганізавала першы ў Беларусі міні-каворкінг для рамесьнікаў «Свая палічка». На прасторы зьявіліся палічкі — міні-крамы, дзе рамесьнікі маглі прэзэнтаваць і прадаць свае вырабы. «Хацелася ня проста зарабляць грошы, а ўкладаць душу, акружыць сябе прыгожымі рэчамі і цікавымі людзьмі, прасоўваць інтарэсы рамесьнікаў, дапамагаць турыстам набываць добрыя сувэніры», — кажа Лілія.
Да піяру крамы прыцягнула дачку-школьніцу і сабаку
Да працы над піярам «Сваёй палічкі» прыцягнула дачку-школьніцу — яна адказвала за напаўненьне сацыяльных сетак, фатаграфавала вырабы, а сабака Тая прыцягвала ўвагу карыстальнікаў Instagram.
Цяпер на «Сваёй палічцы» ня толькі вырабы рамесьнікаў, але і крафтавая ежа, сьвежы хлеб, мёд, кава, якую вараць у кантрабасе, майстар-клясы, сустрэчы людзей, якія маюць розныя актыўнасьці.
«Каго тут толькі няма! Падарожнікаў мы клічам да сябе, пэнсіянэры праводзілі майстар-клясы „Прыгожыя Васілісы“, усе ахвочыя вязалі для неданошаных немаўлят шкарпэткі; ёгі — да нас, раварысты — сюды, псыхолягі, бізнэсоўцы таксама. Цяпер мы партнэры турыстычнай кампаніі. Яны завозяць турыстаў у беларускія санаторыі пад Гомелем, а на выходных забаўляюць. Прывозяць і ў „Сваю палічку“. Тут можна выпіць кавы, набыць сувэніры, і мы працуем яшчэ для іх як інфармацыйны цэнтар», — пералічвае заняткі прадпрымальніца.
Яе ўвесь час «некуды нясе». Таму цяпер Лілія перадала «кантроль над «Палічкай» іншым людзям. Сама займаецца рэклямай крамы, працуе ў супрацоўніцтве з гатэльна-рэстаранным комплексам «Ранча», актыўна ўдзельнічала ў арганізацыі фэсту аб’ектаў турызму і адпачынку рэгіёну. Яна днямі (16 ліпеня) зарэгістравала сацыяльна-культурную ўстанову «Файны ўзрост» і рыхтуе з камандай першы ў Беларусі фэст шчасьлівых людзей.
Установа «Файны ўзрост» створана, каб аб’яднаць людзей, якія гатовыя дзяліцца, паказваць, расказваць, дапамагаць іншым адкрываць у сабе новыя здольнасьці, ракурсы і гарызонты.
Сакрэты шчасьця ў файным узросьце
Усьмешка, жарты, аптымізм, ніякіх скаргаў і нараканьняў — гэта лёс, сіла волі, барацьба і праца над сабой?
«Такой мяне, відаць, Бог стварыў. Такія ў мяне карані. Цётка мая нядаўна памерла. Усё жыцьцё яе было з усьмешкай, хоць і было цяжка. Усё яна зрабіла як мае быць — выгадавала дзяцей, унукаў, скончыла ўсе свае справы — і па боскай, і па чалавечай лініі. Неяк я прыехала да яе на новым аўтамабілі. Яна хоць і ледзь-ледзь хадзіла, выйшла, агледзела ўсю машыну. Пыталася, колькі чалавек у яе зьмесьціцца, колькі грузу ў багажнік улезе? Гэтая цікавасьць да жыцьця — яна дае сілы і жаданьне», — кажа Лілія.
Яна лічыць, што тыя, каму кепска ўвесь час, «відаць, такімі нарадзіліся». «Памятаю сябе яшчэ школьніцай. Іду са школы — радуюся, усьміхаюся, мне весела. Той, каму ўсё блага, можа, і школьнікам ішоў і сумаваў: ох, што рабіць, як усё блага», — сьмяецца жанчына.
Людзям важна адчуваць сябе запатрабаванымі, і ня толькі ў сям’і, выхаваньні дзяцей і ўнукаў. «Запатрабаванасьць — гэта калі ты нібыта ляціш на шарыку і ўсьміхаесься, табе файна», — кажа Лілія.
«Свая палічка» ўжо згуртавала вакол і ў сабе псыхолягаў, журналістаў, рамесьнікаў, падарожнікаў, раварыстаў, вытворцаў здаровай ежы і смачнай кавы. «І нам пішуць ці звоняць: а вось мы ёгі, можна да вас? Можна! Мы дапаможам, навучым, накіруем, куды трэба», — сьмяецца прадпрымальніца.
«Шчасьлівая, што я — гэта я»
Асабістыя сакрэты шчасьця ў Ліліі ёсьць. Гэта малітва, спорт, танцы, добры адпачынак.
«Адзін сьвятар навучыў мяне, што трэба верыць ня ў Бога, а верыць Богу. Верыць Богу — гэта значыць чакаць нечага ад яго. Я іду на працу — гэта малітва. З працы — малітва. Еду на складаныя перамовы з мацёрымі мужчынамі, там могуць і падмануць — вядома, усё абдумаю, пралічу, потым памалюся — і больш не хвалююся. Бо я зрабіла ўсё, што мусіла. Я шчасьлівая тым, што я жыву. Што я — гэта я», — кажа суразмоўца.
Тры запаветныя жаданьні
У дзяцінстве, вяртаючыся са школы, Лілія марыла пра сустрэчу з чараўніком. Яна хацела папрасіць у яго выкананьня трох жаданьняў.
«Каб мама і тата былі жывыя заўсёды — раз. Каб усюды быў мір — два. І каб усе-усе — дзед, баба, сябры былі жывыя — тры», — успамінае прадпрымальніца.
Цяпер яе жаданьні засталіся амаль нязьменныя: каб былі здаровыя блізкія людзі, каб дзеці рэалізавалі сябе. Каб памерлыя блізкія мелі вечны спачын і прабачэньне грахоў. Каб быў мір. І — падзяка жыцьцю за ўсё.
«Праўда, чараўніка я ўжо не ўяўляю. Адчуваю, што гэта просьбы Богу ці мае мары, якія ажыцьцяўляюцца», — прызнаецца Лілія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пісьменьніца-фантастка стала «дармаедкай». «Усё, што я хачу, — пісаць. Пакіньце мяне ў спакоі!» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нас называюць сярэднявечнымі». Чаму сям’я з Магілёўшчыны адмаўляецца ад беларускага грамадзянства ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я сябе цалкам забясьпечваю». Гісторыя ткальлі ХХI стагодзьдзя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як былы палітуцякач пабудаваў аграсядзібу, каб захаваць памяць пра вёску продкаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вясковы дзэн. Як «дармаеды» зь Менску пераехалі ў вёску і зарабляюць на збанках і мыле ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Браты з Горадні хочуць накарміць Беларусь нэапалітанскай піцай. З Пагоняй і Лукашэнкам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У беларусаў дзяржава ў галаве». Дзяўчына кінула працу архітэктара, каб мяць гліну ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Птушкабізнэс. Як у вёсцы зарабіць тры разы па пяцьсот, перажыўшы дзясяткі праверак ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лепшы, чым у Швайцарыі. Як у Лідзе вырабляюць крафтавы шакаляд сусьветнага ўзроўню ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Матрошка не расейская». Як беларуска вырабляе «касьмічныя» цацкі з дрэва для дзяцей і дарослых