Ён мае сама меней тры іпастасі. Сьвецкім людзям вядомы як Алег Бембель — сын беларускага скульптара, выпускнік кансэрваторыі, асьпірант Інстытуту філязофіі, нацыяналіст, выгнаны з кампартыі. Боскім шляхам прайшоў ад сьмяротна хворага паслушніка Алега да інака Мікалая і манаха Іаана. А на памежжы матэрыяльнага і духоўнага — ён паэт Зьніч.
Сёлета ў сьнежні Алег-Мікалай-Іаан адзначыць 80-гадовы юбілей. Ён найстарэйшы праваслаўны манах Беларусі, ужо чвэрць стагодзьдзя жыве і ўзносіць малітвы ў Сьвята-Ўсьпенскім мужчынскім манастыры ў Жыровічах пад Слонімам. Як стаў «элітным грэшнікам» і ўратаваў сваю душу, паэт-манах без прыхарошваньня расказаў карэспандэнтам Свабоды.
Шлях ад піяніста да манаха
- Навошта свабодалюбнага студэнта кансэрваторыі напампоўвалі псыхатропамі.
- Як моўнае пытаньне ледзь не давяло філёзафа да справы за антысавецкую дзейнасьць.
- Чаму хворы паэт паехаў у манастыр на тры дні і застаўся там на чвэрць стагодзьдзя.
- Пра жорсткую дысцыпліну і падабенства ярархіі ў манахаў і армейскім кіраўніцтве.
- Хто не вытрымлівае манастырскага рэжыму, і чаму вярнуцца цяжэй, чым зьбегчы.
Тры дні, каб аддаць Богу душу
Адзін з самых вядомых у Беларусі манастыроў налета адсьвяткуе 500-годзьдзе свайго заснаваньня і 550 гадоў знаходкі сьвятога цудатворнага Жыровіцкага абраза Маці Божай. Пад юбілей тут прыкметна паболела паломнікаў, турыстаў і кантралёраў-чыноўнікаў.
Манах Іаан дапамагае даць рады гэтаму патоку: арганізуе духоўна-асьветніцкія сустрэчы, выдае і распаўсюджвае багаслоўска-літаратурныя лісткі, ладзіць музычна-паэтычныя выступы (тонкія пальцы піяніста дагэтуль віртуозна бегаюць па клявішах). Усё гэта — ягоны асноўны послух, пакуль іншыя браты адпрацоўваюць на гародзе ці ў трапезнай.
Зрэшты, імправізаваная экскурсія па манастырскай тэрыторыі пачалася з казусу. Каб пахваліцца здольнасьцямі мясцовых сэмінарыстаў, манах вырашыў узяць за памагатага талковага навучэнца. І быў агаломшаны, пачуўшы, што «беларускамоўных у наяўнасьці няма». Вось выдаткі расейскага праваслаўя — з паўтары сотні маладых людзей ніводнага, хто б валодаў роднай мовай. Што ж, давялося ўпраўляцца самому.
Па дарозе да Яўленскай царквы — самага старога тут будынка, пад алтаром якога — камень, на якім у 1520 годзе паўторна зьявіўся цудатворны абраз, — гід у чорным манаскім адзеньні ўспамінае, як у 1990-х прыехаў сюды... паміраць. Тры дні даў сабе на зборы: лічыцца, што адысьці да Госпада ў манастыры — найвышэйшы Божы дар для сьвецкага чалавека. Але вось ужо трэці дзясятак гадоў дзякуе Ўсявышняму за неспадзявана падоўжанае жыцьцё.
«Прабадная язва дванаццаціперснай кішкі, ледзь пасьпелі дакаціць да апэрацыйнага стала, — расказвае манах. — Лекары крыху зацыравалі, але сказалі, што зямная мэдыцына ўжо не дапаможа, усё ў руках Божых. І мой сябар, выкладчык сэмінарыі, параіў паехаць памаліцца на магілцы старца Ераніма, які казаў: „Прасіце, буду дапамагаць“. Я папрасіў. А затым нейкая сіла вывела на ягонага былога келейніка, тагачаснага старца Мітрафана. Той паглядзеў і параіў: „Трымайся манастыра! Ты па натуры манах, які часам упадаў у цяжкія спакусы“. Вось так прысьвяціў, у самае сэрца».
Такім чынам у манастыры паболела на аднаго «элітнага грэшніка» — так суразмоўца называе тых, на кім за мірскія грахі няма дзе кляйма ставіць.
Рэжым дня, параўнальны з казармай
З гледзішча шараговага абываталя манастыр — месца не нашмат лепшае за вайсковую казарму, псыхіятрычны шпіталь ці нават турму: гэткі ж строгі рэжым, ерархічнае падпарадкаваньне, пакараньні за правіны. Застаецца толькі дзівіцца, як можна добраахвотна здацца ў няволю.
«Так, у неўцаркоўленага, недасьведчанага міраніна могуць узьнікнуць асацыяцыі з такімі ўстановамі — па аналёгіі з тым, што ён бачыць за манастырскімі мурамі, — пагаджаецца манах Іаан. — А што да рэжыму, то фармальна яны сапраўды падобныя: 5.20 — пад’ём, ад 6-й — багаслужба, з 9.00 да 17.00 — послух, поўны працоўны дзень. Прыкладна з 18-й і да 21-й зноў малітвы, вечаровы хрэсны ход. А 23-й — адбой. І так дзень за днём, месяц за месяцам, год за годам...»
Суразмоўца паўжартам дадае, што можна правесьці ўмоўныя паралелі паміж духоўнымі і вайсковымі ярархамі. І пералічвае «званьні» ад нізоў да самых вярхоў.
Паслушнік — гэта салдат, самы ніз піраміды. Інак — ужо малодшы афіцэрскі склад, лейтэнант. Ерадыякан — як капітан. Ераманах — на ўзроўні маёра. Далей ідуць «старшыя афіцэры». Ігумен — падпалкоўнік, архімандрыт — палкоўнік. Нарэшце, «генэралітэт»: япіскап — генэрал-маёр, архіяпіскап — генэрал арміі. А зьверху над усімі мітрапаліт — «маршал-генэралісімус».
Хоць ранжыр умоўны, паўтарае манах Іаан, але войскі цэсара і Хрыста ў некаторых аспэктах сапраўды маюць падабенства. Напрыклад, калі манах дае абяцаньне, зарок, гэта раўназначна воінскай прысязе. Толькі прысягае ня цэсару, а Госпаду.
А ці існуе ў такім выпадку манастырская «дзедаўшчына»?
«Не! — катэгарычны ён. — Тут «дзедаўшчына» толькі са знакам плюс — больш дасьведчаных людзей, старцаў, шануюць. Наогул гэтая зьява набыла адмоўнае адценьне, калі ў войска пачалі прызываць крымінальнікаў. А ў даўнім хрысьціянскім воінстве дзяды, старэйшыя былі малодшым узорам, прыкладам гонару і годнасьці. Паводле гэтай аналёгіі ў нас старацтва, «дзедаўшчына», мае станоўчы сэнс. Калі зьбіраемся, штосьці абмяркоўваем, кажу сваім юным братам: «Ну, а цяпер паслухайце дзеда».
Дысыдэнт, небясьпечны для дзяржавы
У манастырскую браму Алег Бембель пастукаўся ў сярэдзіне 1996 году. Бадай, самы складаны пэрыяд жыцьця, адзначае ён сам: ня толькі з прычыны хваробы, а і таму, што страціў сэнс далейшага існаваньня.
За 10 гадоў да таго, у сярэдзіне 1980-х, уладкаваўся навуковым супрацоўнікам у Інстытут філязофіі і права Акадэміі навук — у наваствораны сэктар сацыяльнай псыхалёгіі і эстэтыкі. Надоўга затрымацца не ўдалося, выйшла бокам тэма дысэртацыі, забракаваная яшчэ падчас вучобы ў асьпірантуры — «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў духоўнай культуры». Працу, прысьвечаную рэальнаму стану беларускай мовы ў СССР, завярнулі як «нацыяналістычную».
«На яе аснове я правёў сацыялягічнае апытаньне сярод людзей розных прафэсій і пакаленьняў: „Што мы думаем пра цябе, беларуская мова?“ — успамінае колішні навуковец. — З адказаў склалася досыць грунтоўная кампазыцыя, якая стала ядром манаграфіі — у машынапісных копіях потым хадзіла па руках. Тыя аркушы трапілі ў Лёндан, дзе тамтэйшыя беларусы выдалі мае развагі асобнай кнігай. Ну і Радыё Свабода пачало перадаваць фрагмэнты. Раньняя вясна 1986 году. Чарнобыль яшчэ ня грымнуў, але здарыўся „культуралягічны чарнобыль“ у Акадэміі навук».
Нядоўга думаючы, Алег Бембель напісаў адкрыты ліст партыйным «галовам»: савецкаму кіраўніку Міхаілу Гарбачову і беларускаму — Мікалаю Сьлюнькову. У ім гаварылася, што манаграфія, прысьвечаная ўдасканаленьню міжнацыянальных адносін, не знайшла разуменьня ў Беларусі, аднак яе надрукавалі апанэнты за мяжой і цяпер выкарыстоўваюць у ідэалягічнай спрэчцы. І прасіў паспрыяць, каб важнае дасьледаваньне зьявілася і на радзіме.
Неўзабаве склікалі пазачарговую інстытуцкую навуковую раду, якая, спадзяваўся аўтар, дасьць дабро на друкаваньне кнігі. На справе ж вучоныя мужы сабраліся, каб кваліфікаваць яе як «антысавецкую».
«А гэта ўжо „58-ы артыкул“ — выраб, захоўваньне і распаўсюд антысавецкіх матэрыялаў, — тлумачыць аўтар. — Адпаведна, немалы тэрмін зьняволеньня і ярлык „ворага народу“. Дзякуй Богу, тагачасны дырэктар нашага інстытуту Яўген Бабосаў — натура творчая, яскравая, незалежная, хоць адначасова і прыўладная — настаяў у пастанове на папраўцы: лічыць працу „немарксісцкай і нацыяналістычнай“. У выніку выключылі з КПСС, чальцом якой быў 15 гадоў, і выкінулі з працы: спачатку панізілі з навуковага супрацоўніка ў лябаранты, а пасьля проста не атэставалі».
Сэктар эстэтыкі і псыхалёгіі Інстытуту філязофіі і права распусьцілі. Ва ўстановах навукі і культуры зьбіраліся адмысловыя сходы, каб асуджаць «антысавецкую дзейнасьць» Алега Бембеля. Так ён стаў дысыдэнтам. На нейкі час давялося «завіснуць у дармаедах», працягвае апальны філёзаф.
У 1989 годзе ягоныя высілкі нечакана ацаніў Саюз беларускіх пісьменьнікаў, прыняўшы ў свае шэрагі... за выдадзенае ў Лёндане дасьледаваньне «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс». Прыблізна ў той жа час у творчым даробку зьявіліся і іншыя творы: дзеяч беларускай эміграцыі ў Нью-Ёрку Янка Запруднік дапамог з друкам кнігі вершаў «Рэха малітвы», у Беластоку выйшаў паэтычны зборнік «Саната Ростані», а ў Менску зьявіліся «Малітвы за Беларусь». Ва ўвесь рост паўстаў паэт Зьніч.
А ў 1991-м вядомы літаратуразнаўца Адам Мальдзіс запрасіў далучыцца да новай культуралягічнай структуры — Нацыянальнага навукова-дасьледчага цэнтру імя Францішка Скарыны. «Дармаед-нацыяналіст» зноў стаў запатрабаваным.
Пацыент псыхлякарні, які стаў філёзафам
Філёзафам Алег быць не зьбіраўся, захапленьне трактатамі клясыкаў жанру прыйшло ўжо ў дарослым узросьце. Выхаваньне ў сям’і славутага бацькі — скульптара Андрэя Бембеля — праграмавала на творчы шлях.
Скончыў Менскую музычную вучэльню і Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю. Але свабодалюбная натура прывяла не да сцэнічнага посьпеху, а ў «псыхушку». Здарылася гэта пасьля таго, як малады чалавек адзначыў 25-годзьдзе распаўсюдам сярод студэнтаў сваёй паэмы, прысьвечанай ідэям хрысьціянскага камунізму.
«Родная цётка, якая выхоўвала мяне з малых гадоў і ў 1920-я прайшла тры гады ГУЛАГу за ўдзел у рэлігійна-філязофскім гуртку, была заўзятай прыхільніцай гэтай тэорыі. Ну і мне камунізм атэістычны здаваўся абсурдам, а вось тое, што сапраўдная камунія ідзе ад Хрыста, выглядала лягічна... Выклікалі на дыван бацьку. А ён чалавек намэнклятурны: член ЦК, дэпутат. І заявілі: вас паважаем, але сын зайшоў так далёка, што ёсьць два варыянты — або турма, або прымусовае лячэньне... Я ўпершыню бачыў яго такім бледным, калі мы гаварылі сам-насам у майстэрні...»
Алегава мачыха была прафэсаркай мэдыцыны і пераканала сваіх мужчын, што нічога страшнага ня будзе, калі крыху патрымаюць ды выпусьцяць. Аднак проста адляжацца не ўдалося: пачалі напампоўваць моцнымі псыхатропамі. Па выніках пройдзенага курсу зьбіраўся кансыліюм, людзі ў белых халатах пыталіся ў пацыента, ці па-ранейшаму ён верыць у Бога. Пачуўшы станоўчы адказ, працэдуры аднаўлялі.
Толькі калі пачаліся правалы ў памяці і засталася адна апатыя, Андрэй Бембель зразумеў: сына ня проста схавалі ад непрыемнасьцяў, а заганяюць у магілу. І забраў зь лякарні пад расьпіску і ўласную адказнасьць. Праз маскоўскіх сяброў накіраваў яго ў экспэрымэнтальную лябараторыю, дзе прафэсар Нікалаеў набіраў добраахвотнікаў для вывучэньня эфэкту лячэбнага галаданьня. За 31 дзень «паддосьледны» страціў 14 кіляграмаў і, «ачышчаны ды адноўлены», вярнуўся дадому. Ненадоўга.
Ня маючы ахвоты зноў рызыкаваць здароўем, перавёўся на завочнае навучаньне і зьехаў да сяброў у Калускую вобласьць. Уладкаваўся выкладчыкам фартэпіяна ў музычнай школе гораду Тарусы і паралельна рыхтаваўся да іспытаў у Беларускай дзяржаўнай кансэрваторыі. І, непазьбежна вяртаючыся да шпітальных прыгодаў, усё больш паглыбляўся ў філязофскія развагі пра сутнасьць жыцьця.
«На апошніх курсах кансэрваторыі мяне як агнём апаліла, — прызнаецца музыка-філёзаф. — „Сьвет як воля і ўяўленьне“ Шапэнгаўэра ў перакладзе Фета — паэма сусьветнага маштабу, напісаная белым вершам. „Так гаварыў Заратустра“ Ніцшэ — таксама паэма, абодва вялікія паэты і музыкі. І вось празь іх я плаўна перайшоў ад музыкі да філязофіі. Закінуў заняткі, дні і ночы „глытаў“ філязофскія трактаты. І калі прыехаў у Тарусу, дзе перастаў бадацца з дубам, а ў яго ўклініўся, пачаў пісаць рэфэрат у асьпірантуру Інстытуту філязофіі. І ў 1971 годзе быў туды залічаны».
Праўда, давялося тэрмінова ўступаць у КПСС — савецкі філёзаф ня мог быць беспартыйным. З гэтым праблемаў ня ўзьнікла. Навучэнкі музычнай школы і пры гэтым скрозь дзеці мясцовых бонзаў, душы ня чулі ў сваім выкладчыку. Таму паседжаньне камісіі было фармальнае. Чым завяршылася заглыбленьне ў філязофію па прыезьдзе ў Менск, мы ўжо расказалі.
Застацца самотным, каб узялі ў манахі
Паломнік Алег, інак Мікалай, манах Іаан... Як адбываецца «пераўвасабленьне» асобы?
«У манастыр я прыйшоў як сьвецкі Алег, — тлумачыць суразмоўца. — Спачатку прынялі як паломніка, потым стаў „труднікам“ — гэта значыць адпрацоўваў послухі і жыў тут. Затым кандыдат у паслушнікі, гэта калі „труднік“ добра сябе праявіў і мае намер застацца. Нарэшце, паслушнік — выдаецца скуфейка, падрасьнік, і ён ужо ўваходзіць у „брацію“. У якасьці паслушніка я быў 5 гадоў. У сувязі з узростам — усё ж ішоў 57-ы год — і бурным вульканічным жыцьцём, не сказаць каб дужа сьвятым, такіх выпрабоўваюць доўга. Я па-ранейшаму заставаўся Алегам».
Толькі ў 2001 годзе, акурат пад зімовага Міколу, паслушніка ў сталым ужо веку пастрыглі ў інакі. Прынята, што пры гэтым мяняецца нябесны апякун. Калі па хрышчэньні ім быў дабраверны князь Алег, які прыняў пакутніцкую сьмерць за часамі Залатой Арды, то пры інацкім пострыгу стаў Мікола-цудатворац.
«Такім чынам паслушнік Алег ад нас сышоў, а ягоны час анулюецца — спавяданы, раскаяны, пакінуты за манастырскім мурам. Інакам Мікалаем я быў аж 13 гадкоў. Пры манаскім пострыгу зноў мяняецца нябёсны ахоўнік. У маім выпадку гэта Іаан Вячорка, вясковы сьвятар Бабруйскага павету. У 1933 годзе прыйшлі бальшавікі, арыштавалі, месяц зьдзекаваліся, у выніку расстралялі. Сям’ю — на поўнач, маёмасьць — канфіскаваць. Сапраўдны сымбаль мільёнаў навамучанікаў за веру пры антыхрыставай уладзе».
Паводле айца Іаана, манаскі статус абстаўляецца досыць жорсткімі ўмовамі. Найперш чалавек не павінен быць зьвязаны сямейнымі абавязкамі. Іншымі словамі, нельга «псыхануць» і пайсьці ў манастыр ад жонкі і дзяцей — проста ня прымуць. Радыкальнае рашэньне не павінна стаць праблемай для блізкіх людзей.
У ягоным выпадку не пацярпеў ніхто. Як жартам кажа манах, усе тры жанчыны, якія нарадзілі яму чатырох дачок, пасьля такой навіны ўздыхнулі з палёгкай — і на зямлі, і на нябёсах. У апошнім шлюбе ён ужо быў самотны, нічога не замінала зрабіць выбар.
«Дачушкі ўжо былі самастойныя — тры мелі сваіх дзетак, а малодшая сама пераехала ў Жыровічы і цяпер служыць Госпаду пры сэмінарыі. Вядома, не адразу паверылі. Старэйшая Тацяна думала, што ў бацькі чарговае паэтычнае захапленьне: маўляў, усё зьведаў, жыцьцё абрыдла, дай адпачну ў манастыры. А калі прыехала ў сьнежні 1996-га павіншаваць мяне з днём нараджэньня, сказала: захапленьне доўжыцца месяц-два, а калі паўгода, то гэта ўжо любоў... Прынялі выбар, калі-нікалі наведваюцца. Я, дарэчы, багаты дзед — шэсьць унукаў маю».
Малодшая дачка Іна ня толькі выконвае функцыі рэгента ў духоўнай сэмінарыі, сьпявае ў хоры і выкладае гісторыю музыкі, а і апякуецца бацькам: гатуе яму адмысловыя дыетычныя стравы і напоі, рэкамэндаваныя пасьля старой язвы.
Дысцыпліна, якую ня ўсе вытрымліваюць
У мужчынскім манастыры ў Жыровічах жывуць прыкладна чатыры дзясяткі манахаў, у іх ёсьць асобны «інтэрнат» з кельлямі. Колькасьць мяняецца ня толькі з натуральных прычынаў, а і праз дачасны «сыход з дыстанцыі» — ня ўсе «элітныя грэшнікі» вытрымліваюць жорсткую дысцыпліну.
«Бывае, што зрываюцца, гэта так, — пацьвярджае айцец Іаан. — Або сам уцёк, або „сястрычка“ зьвяла, або проста запіў — бывае ў братоў і такі грэх. Вядома, вельмі сумная падзея і для ўсяго манастыра, і для таго чалавека. Як паказвае практыка, у тых, хто ўцёк у сьвет, звычайна шчасьця мала. Таму многія вяртаюцца. І зноў усё пачынаецца з нуля — нягледзячы на тое, што ўжо меў пэўны статус: з трудніка, паслушніка і г.д. Падымацца будзе цяжка, вельмі доўга будуць яго выпрабоўваць».
Мадэль суіснаваньня ў сьценах манастыра манах Іаан параўноўвае з «хрысьціянскім камунізмам» — менавіта за гэтую тэорыю ў свой час ён пацярпеў, апынуўшыся ў лякарні.
«За камунізм нават біцца ня трэба, вось ён у гатовым выглядзе, ідэальная мадэль, — перакананы суразмоўца. — Хто не знайшоў месца ў сьвеце — і ў вякі мінулыя, і цяпер — ідзе ў манастыр. Ён адмаўляецца ад уласнасьці, ад сваёй волі. Ну і ад шлюбнага жыцьця таксама або ад распуснага. І тут мае па патрэбе: адзеньне, прытулак, ежу. Ніякай вайны за грошы, уласнасьць, багацьце. Абсалютна рэальны прыклад хрысьціянскага камунізму».
Этапы свайго пакручастага жыцьця найстарэйшы праваслаўны манах Беларусі адлюстраваў у багаслоўска-філязофскім трактаце пад назвай «Айчына зямная і нябёсная». Гэта своеасаблівая справаздача перад людзьмі і Богам за ўсе 80 гадоў, пражытых на гэтым сьвеце — па абодва бакі ад манастырскіх муроў.