Анамальная сьпёка ў Заходняй Эўропе 25 ліпеня дасягнула новага піку, а ў Нідэрляндах, Бэльгіі і Нямеччыне тэмпэратурныя рэкорды былі пабітыя, паведамляе dpa. Таксама гарадзкі рэкорд абноўлены ў Парыжы.
У Нямеччыне была зафіксаваная самая высокая тэмпэратура за ўсю гісторыю назіраньняў: у горадзе Лінген на паўночным захадзе краіны тэмпэратура дасягала 42,6 градуса паводле шкалы Цэльсія.
У Бэльгіі таксама дасягнуты новы нацыянальны тэмпэратурны рэкорд у 40,7 градуса — у невялікай заходняй вёсцы Бэйт.
У Нідэрляндах упершыню зафіксаваная тэмпэратура, вышэйшая за 40 градусаў — 40,7 градуса у Хілзэ-эн-Рэен на поўдні краіны.
У Парыжы 25 ліпеня слупок тэрмомэтра паказваў да 42,6 градуса, паведаміла нацыянальная служба надвор’я Meteo France, і гэта самая высокая тэмпэратура ў францускай сталіцы за ўсю гісторыю назіраньняў. Папярэдні максымум у 40,4 градуса датуецца 1947 годам.
У Брытаніі таксама чакалі самую высокую тэмпэратуру за ўвесь час пры прагнозах да 39 градусаў, але ў выніку яна паднялася да 38,1 градуса. Гэта другі з найвышэйшых паказьнікаў, зафіксаваных у краіне ў ліпені.