Трамп павіншаваў Зяленскага і выказаў спадзеў на паляпшэньне іміджу Ўкраіны

Дональд Трамп і Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі правялі першыя перамовы. Пра гэта паведамілі ў Белым доме.

Трамп, патэлефанаваўшы Зяленскаму, павіншаваў таго з пасьпяховым правядзеньнем парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне і перамогай на іх партыі «Слуга народу».

Зяленскі, у сваю чаргу, падзякаваў Трампу «за лідэрства ЗША ў захаваньні і ўзмацненьні санкцыйнага ціску на Расею». У адказ, як паведаміла прэс-службы прэзыдэнта Ўкраіны, амэрыканскі лідэр выказаў упэўненасьць у тым, што «абноўленая ўкраінская ўлада зможа хутка палепшыць імідж сваёй краіны і завяршыць расьсьледаваньне карупцыйных справаў, якія стрымлівалі ўзаемадзеяньне паміж ЗША і Ўкраінай».

Пасьля гэтага лідэры абмеркавалі энэргетычнае і эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі.

Адзначаецца, што «абодва прэзыдэнты заявілі, што зь нецярпеньнем чакаюць магчымасьці сустрэцца».

Раней паведамлялася, што Ўладзімір Зяленскі наведае на запрашэньне Дональда Трампа Вашынгтон, аднак канкрэтныя даты візыту названыя не былі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хочаце, каб было як ва Ўкраіне? Тлумачым, чаму Рада не Палата і за што плацяць украінскім партыям