МАГАТЭ ўзначаліў румын Карнэл Фэруцэ

Карнэл Фэруцэ

Выканаўцам абавязкаў кіраўніка МАГАТЭ прызначаны румын Карнэл Фэруцэ, паведамляе агенцтва Reuters. Папярэдні прэзыдэнт міжнароднай арганізацыі японец Юкія Амана памёр 18 ліпеня.

У МАГАТЭ паведамілі, што Фэруцэ будзе займаць пасаду да таго часу, пакуль краіны-ўдзельніцы ня ўзгодняць кандыдатуру новага прэзыдэнта арганізацыі. Пра тое, калі гэта адбудзецца, не паведамляецца. Як і яго папярэднік на пасадзе кіраўніка арганізацыі, Фэруцэ ў мінулым працаваў у дыпляматычнай службе сваёй краіны.

Юкія Амана кіраваў Міжнародным агенцтвам атамнай энэргіі з 2009 году. З 2005 года ён прадстаўляў Японію ў Радзе кіраўнікоў МАГАТЭ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замежныя экспэрты заявілі, што праект Беларускай АЭС не адпавядае стандартам МАГАТЭ

Адна з задач арганізацыі — праверка выкананьня Іранам умоваў так званай «ядзернай угоды». У чэрвені экспэрты МАГАТЭ пацьвердзілі, што Тэгеран упершыню з 2015 году перавысіў абмежаваньні што да колькасьці запасаў нізкаўзбагачанага ўрану.

Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі сярод іншага распрацоўвае патрабаваньні ў галіне мірнага выкарыстаньня ядзернай энэргіі, а таксама нормы ў галіне бясьпекі АЭС і аховы здароўя ў сувязі зь іх дзейнасьцю. Камісіі МАГАТЭ неаднаразова наведвалі Беларусь для кантролю над будаўніцтвам Беларускай АЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго Беларусь не паказвае місіям МАГАТЭ