У Горках на пастамэнт, зроблены для памятнага знаку расейскаму цару Пятру І, паставілі арт-аб’ект з заклікам любіць горад. Яго назва пададзена на расейскай мове. Побач лесьвіца размаляваная вышыванкай.
Лесьвіца-вышыванка, як візуалізацыя беларускай прасторы ў расейскмоўных Горках
Лесьвіцу на вуліцы Якубоўскага ўпрыгожылі арнамэнтам сёлета. Ідэя візуалізаваць беларускую прастору ў расейскамоўным горадзе аб’яднала грамадзкаактыўных жыхароў райцэнтру. Камунальнікі адрамантавалі саму лесьвіцу, бізнэсоўцы набылі фарбу. Цяпер арт-аб’ект — улюблёнае месца для сэлфі.
Намалявалі вышыванку горацкая мастачка Марыся Каралькова і яе каляжанка з Магілёва Ганна Параханько.
«Арнамэнт — гэта моцны акцэнт на беларускасьць, якой замала ў Горках і мяне цешыць, што мне выпала спрычыніцца ў стварэньне кавалачка беларушчыны, які стаў дужа папулярны ў жыхароў гораду», — кажа Марыся Каралькова.
Чаму перадумалі ставіць памятны знак Пятру І?
Ідэя ўвекавечыць у Горках памяць пра Пятра І ўпершыню агучвалася ў 2015 годзе. Сёлета пра яе ўспомнілі. На пастамэнт непадалёк ад райвыканкаму зьбіраліся паставіць муляж гарматы ХVІІІ стагодзьдзя і шыльду. Такім чынам хацелі адзначыць знаходжаньне маскоўскага цара ў Горках падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе.
Адкрыць мэмарыяльны знак расейскаму цару плянавалі 26 чэрвеня, у гадавіну вызваленьня Горацкага раёну ад нацыстаў. Пасьля крытычных публікацыяў у незалежных мэдыя аблвыканкам вырашыў, што парушаныя працэдуры ўзгадненьня, таму ставіць гармату ў гонар Пятра І перадумалі.
Што рабілі Пётар І і яго войска ў Беларусі
Увекавечваньне расейскага самадзержца было ўспрынята як неадэкватнае ўшанаваньне ўсяго таго, што ён учыніў у Беларусі.
Войскі расейскага цара Пятра І знаходзіліся на беларускіх землях падчас Паўночнай вайны (1700–1721). Рэч Паспалітая тады была саюзьніцай маскоўскага цара ў вайсковай кампаніі супраць швэдзкага караля Карла XII. Паводле гістарычных зьвестак, расейцы раскватаравалі ў Беларусі 70 тысяч сваіх жаўнераў, утрыманьне якіх стала абавязкам мясцовага насельніцтва.
Улетку 1705 году Пётар І разам са сваім хаўрусьнікам Аляксандрам Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі ў Полацкім Сафійскім саборы забілі пецярых уніяцкіх сьвятароў. Храм абрабавалі, а ў яго сутарэньнях зрабілі парахавое сховішча. Празь пяць гадоў яго ўзарвалі, зьнішчыўшы беларускую Сафію амаль дашчэнту. У верасьні 1708 году расейскія войскі спалілі Віцебск, Воршу, Амсьціслаў, Дуброўну, што непадалёк ад Горак. Да таго ж абрабавалі пасьля швэдаў і спалілі Магілёў.
За гады Паўночнай вайны Беларусь страціла ад баявых дзеяньняў, голаду і эпідэміяў 700 тысяч жыхароў — кожнага трэцяга. Вайна прывяла да глыбокага палітычнага крызісу і падзелу ў 1772 годзе тагачаснай дзяржавы беларусаў — Рэчы Паспалітай