Міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс заявіў Свабодзе, што запрашэньне кіраўніку Беларусі наведаць Латвію, перададзенае два гады таму, дагэтуль актуальнае.
«Так, за гэты час у Латвіі адбыліся прэзыдэнцкія выбары, у нас новы кіраўнік дзяржавы, але тое запрашэньне ня страціла сілу, — адзначыў міністар. — Мы чакаем вашага прэзыдэнта ў Латвіі».
Ягоны беларускі калега Ўладзімер Макей са свайго боку пацьвердзіў, што такі візыт рыхтуецца. Ён не адбыўся раней з прычыны падрыхтоўкі вялікага пакета дакумэнтаў, якія плянуецца падпісаць на найвышэйшым узроўні.
«Хацелася б, каб падчас наведваньня Аляксандрам Лукашэнкам Рыгі былі падпісаныя стратэгічныя дамоўленасьці, найперш у сфэры гандлёва-эканамічных стасункаў. Мы зацікаўленыя ў партнэрскіх сувязях, якія тычацца транспарту і лягістыкі. Частка нашых грузаў ужо ідзе праз латвійскія порты, але думаем, што гэтыя магчымасьці далёка ня выкарыстаныя», — сказаў Уладзімер Макей.
Міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс знаходзіцца ў Менску з трохдзённым працоўным візытам.