24 ліпеня кіраўніца прадстаўніцтва ААН у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецкая сустрэлася з актывісткамі руху «Маці 328». За гадзіну размовы жанчыны абмеркавалі праблему пакараньня па антынаркатычным артыкуле ў Беларусі ды іншыя пытаньні, у тым ліку тое, як лепш наладзіць сацыялізацыю вязьняў, якія ўжо адбылі пакараньне па артыкуле 328.
«Асуджаныя за наркотыкі будуць выходзіць на волю, але большасьць зь іх кажа, што ў Беларусі яны не застануцца. Куды яны паедуць, калі тут ня ўдасца іх вярнуць у грамадзтва? Прадстаўніца ААН прызналася, што ў ААН гэтым вельмі занепакоеныя. Яны разумеюць, што потым нашымі хлопцамі прыйдзецца займацца ў Эўропе і сьвеце, бо яны прыедуць да іх, калі тут ня змогуць сябе знайсьці і вярнуцца да нармальнага жыцьця. Гэтыя праблемы мы таксама абмеркавалі», — кажа пра сустрэчу са спадарыняй Яаннай Казана-Вісьнявецкай актывістка Натальля Шарыпа зь Віцебску.
Сын Натальлі адбывае пакараньне за распаўсюд наркотыкаў у калёніі ў Бабруйску. Хлопец асуджаны па 4 частцы 328 артыкула. Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон, паводле якога на 2 гады быў зьніжаны парог пакараньня па 2 і 3 частках гэтага артыкула. Але пакараньне па 4 частцы засталося нязьмененым, хоць актывісткі «Маці 328» дамагаліся і яго перагляду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ўхваліў папраўкі ў «наркатычны» артыкул Крымінальнага кодэксу«Мы працягваем настойваць на тым, што з 4 часткай артыкула трэба таксама нешта рабіць, і тут дамагаемся лібэралізацыі. Кіраўніца прадстаўніцтва ААН нас у гэтым таксама падтрымлівае. Яна паабяцала, што падчас сустрэч з кіраўніцтвам Беларусі данясе нашы просьбы. Неўзабаве спадарыня Яанна будзе сустракацца зь міністрам унутраных спраў Караевым. Мы шмат казалі пра тое, як палепшыць утрыманьне нашых асуджаных, і яна падрабязна запісала ўсе нашы просьбы», — кажа лідэр руху «Маці 328» Ларыса Жыгар.
Паводле закону аб амністыі на волю цягам 9 месяцаў выйдзе каля 2 тысяч асуджаных. У тым ліку па амністыі зьменшаць на 2 гады пакараньне тым, каго судзілі па 2 і 3 частках 328 артыкула, і некаторыя з гэтых вязьняў змогуць неўзабаве вызваліцца ці разьлічваць на зьмену рэжыму ўтрыманьня. Закране амністыя і непаўналетніх вязьняў. Але актывісткі кажуць, што, па іх дадзеных, ня ўсе з гэтай катэгорыі выйдуць на волю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па амністыі на волю выйдуць 2 тысячы чалавек. Яна закране і асуджаных паводле 328-га артыкулаПаводле Ларысы Жыгар, таксама з кіраўніцай прадстаўніцтва ААН Яаннай Казана-Вісьнявецкай абмеркавалі такія праблемы:
- каб паводле амністыі выйшлі на волю ўсе непаўналетнія, хто быў асуджаны па 328 артыкуле. Пакуль «Маці 328» непакояцца, што на частку гэтых вязьняў амністыя не распаўсюдзіцца;
- каб адміністрацыі калёній не «тармазілі» амністыю для гэтак званых «злосьнікаў» — тых вязьняў, за кім лічацца нязначныя парушэньні рэжыму, але хто пры гэтым паводле закону мае права на амністыю;
- каб прадумаць і зрабіць захады дзеля рэальнай сацыялізацыі асуджаных па 328 артыкуле, якія выйдуць на волю пасьля скарачэньня тэрмінаў у сувязі з амністыяй;
- каб праваахоўныя органы больш актыўна заняліся дзейнасьцю банкаў, празь якія дзейнічаюць інтэрнэт-крамы, зьвязаны з распаўсюдам наркотыкаў.
Што рабіць з «працай нявольнікаў»?
У размове асобна закранулі сыстэму працы зьняволеных. Актывісткі «Маці 328» распавялі кіраўніцы прадстаўніцтва ААН, якія тавары вырабляюцца ў беларускіх вязьніцах, куды прадаюцца гэтыя тавары і якія грошы атрымліваюць за сваю працу ў зьняволеньні беларускія вязьні. Па іхніх зьвестках, вельмі малыя. Але справа ня толькі ў грошах, але і ў фактычным прымусе да працы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар Караеў сустрэўся зь лідэркай «Маці 328». Вось 4 ягоныя абяцаньні«Мы лічым, што гэта праца нявольнікаў. Беларускія вязьні шыюць вопратку, у тым ліку для праваахоўнікаў у краінах Эўропы, у нашых калёніях вырабляюць розныя паліцэйскія прылады. Часта ў вязьняў няма выбару, працаваць ці не. Плюс паўсюль парушаецца працоўнае заканадаўства, вялікі траўматызм. Таму мы заклікалі не карыстацца таварамі зь беларускіх турмаў, і спадарыня Яанна Казана-Вісьнявецкая паабяцала, што данясе нашу пазыцыю», — кажа актывістка «Маці 328» Натальля Шарыпа.
У ліпені актывісткі «Маці 328» сустракаліся з кіраўніцай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Качанавай і міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым. Раней чатыры актывісткі трымалі галадоўку, дамагаючыся лібэралізацыі антынаркатычнага артыкула 328. Галадоўка працягвалася 21 дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маці 328» адмовіліся ад галадоўкі пасьля сустрэчы з Качанавай