Пад Віцебскам з рэек сышло 15 цыстэрнаў з прапанам. Быў выцек

Фота МНС

На перагоне Ворша — Віцебск каля вёскі Замасточча (15 км ад Віцебску) з рэек сышло 15 цыстэрнаў з прапанам, піша Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі. Адна цыстэрна працякла.

Паводле Беларускай чыгункі, з рэек сышло 18 цыстэрнаў грузавога цягніка № 2029. Агулам цягнік складаўся з 68 вагонаў.

Пацярпелых няма.

Замасточча

Адбыўся выцек прапану

Па стане на 20:40 нібыта выявілі «невялікі выцек», паведамілі Свабодзе ў дзяжурнай частцы Віцебскага абласнога ўпраўленьня МНС.

«Выцек там невялікі нібыта ёсьць», — сказалі ў дзяжурнай частцы.

Абноўлена 22:56. Прэс-служба МНС пацьвердзіла, што ўцечка адбылася ў адной з цыстэрнаў.​ Вакол месца выцеку стварылі пенную падушку, якая пастаянна абнаўляецца.

Пенная падушка вакол месца выцеку. Фота: прэс-служба МНС.

53 цыстэрны адбуксавалі на бясьпечную адлегласьць. Вядуцца аднаўленчыя працы.

Забясьпечана бесьперабойная падача вады і пенаўтваральніка, стварылі рэзэрв сілаў і сродкаў МНС.

Спынілі цягнікі ў напрамку Віцебск — Ворша

Пасажыраў цягнікоў Ворша — Віцебск і Магілёў — Полацак высадзілі і дастаўляюць аўтобусамі. Частка людзей застаецца чакаць на вуліцы, піша Nexta.

​Для расьсьледаваньня інцыдэнту стварылі спэцыяльную камісію, піша Беларуская чыгунка.

Фота: тэлеграм-канал Nexta.

Чыгуначны рух на ўчастку, дзе адбылося здарэньне, спынілі. Рух пасажырскіх цягнікоў часова арганізавалі па зьмененых маршрутах, піша Беларуская чыгунка.

Як сказалі Свабодзе ў даведцы Беларускай чыгункі, даехаць цягнікамі з Воршы ў Віцебск і наадварот 24 ліпеня ўжо не атрымаецца. Злучэньне адновіцца ўначы 25 ліпеня, цягнікі зь Віцебску ў Воршу пройдуць праз станцыю Завольша на мяжы з Расеяй.

Цягнік Полацак — Гомель, які меўся ехаць праз станцыі Віцебск і Ворша, паедзе да Менску праз Маладэчна, сказалі ў даведцы БЧ.

Другая аварыя за месяц

15 ліпеня на ўчастку Ворша — Менск з рэек сышлі 7 вагонаў таварнага цягніка, пацярпелых не было.