У інтэрнэце зьявіўся трэйлер расейскага сэрыялу «Чарнобыль» — як бы адказу на аднайменны нашумелы амэрыканска-брытанскі сэрыял ад HBO. Расейскі фільм пакажуць на тэлеканале НТВ сёлета, «не раней за восень».
Пра што расейскі сэрыял «Чарнобыль»?
Дзеяньне сэрыялу адбываецца ў красавіку-сьнежні 1986 году. Украінскі аддзел КДБ СССР даведваецца пра цікавасьць замежных спэцслужбаў да Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Каб знайсьці ў Прыпяці супрацоўніка ЦРУ Альбэрта Ленца, якога падазраюць у шпіянажы, у горад прыяжджае падпалкоўнік вайсковай контравыведкі Андрэй Нікалаеў.
Паводле стваральнікаў сэрыялу — расейскай кампаніі Amalgama Studio, гэта будзе першы расейскі 12-сэрыйны фільм, які крок за крокам распавядзе храналёгію аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі сэрыял «Чарнобыль» здымалі ў Беларусі. «У амэрыканцаў усе расейцы дрэнныя, бязмозглыя»Сэрыял здымалі ў Менску, Мазыры, Слуцку, Маладэчне і іншых населеных пунктах Беларусі.
У траўні на YouTube-канале аднаго з выканаўцаў галоўнай ролі, актора Ігара Пятрэнкі, ужо публікавалі фрагмэнт, зняты для пробаў у 2014 годзе.
Што важна ведаць пра сэрыял «Чарнобыль» ад HBO?
Амэрыканска-брытанскі сэрыял «Чарнобыль» стаў самым рэйтынгавым сэрыялам на тэлеканале HBO, на якім трансьлявалі «Гульню тронаў». Ён мае самы высокі рэйтынг для сэрыялаў і на сайце IMDb — найбуйнейшай базе інфармацыі пра кіно. У ліпені сэрыял атрымаў 19 намінацый на прэмію «Эмі».
«Чарнобыль» ад HBO — мастацкі, а не дакумэнтальны сэрыял, але ягоны сюжэт блізкі да рэальных падзеяў. Пішучы сцэнар, аўтары карысталіся, сярод іншага, кнігай «Чарнобыльская малітва» Сьвятланы Алексіевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як навуковец спрабаваў пераканаць улады ратаваць людзей пасьля Чарнобыльскай катастрофы