Дасьледаваньне мозгу 40 супрацоўнікаў пасольства ЗША на Кубе, якія, як мяркуецца, пацярпелі ад мікрахвалёвай зброі, паказала бачныя адрозьненьні з кантрольнай групай.
Дыпляматы заяўлялі аб дзіўных гуках высокай частаты, пасьля якіх у іх ўзьнікалі праблемы са здароўем. Прычыну сымптомаў дасьледчыкі не назвалі.
Магнітна-рэзанансная тамаграфія (МРТ) пацыентаў пацьвярджае структурныя зьмены мозгу, адзначыла прафэсар радыялёгіі і суаўтар дасьледаваньня Раджыні Вэрма. Паводле яе словаў, некаторыя з пацярпелых ўсё яшчэ праходзяць рэабілітацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канада адклікала з Кубы сям’і дыпляматаў празь «незвычайныя сымптомы»З канца 2016 году амэрыканскія дыпляматы паведамлялі аб дзіўных гуках высокай частаты ў Гаване, пасьля якіх у іх назіраліся моцныя галаўныя болі, млоснасьць, стомленасьць, галавакружэньне і страта каардынацыі і слыху.
У верасьні 2017 году Злучаныя Штаты адклікалі большую частку свайго дыпляматычнага пэрсаналу з кубінскай сталіцы. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў у нападах кубінскія ўлады і выслаў з Вашынгтону 15 кубінскіх дыпляматаў. Гавана адмаўляе любую датычнасьць да нападаў.
У чэрвені 2018 году ЗША таксама адклікалі некалькі амэрыканцаў з консульства ў кітайскім Гуанчжоў, пасьля таго як у дыпляматаў выявіліся тыя ж самыя сымптомы «акустычнай атакі». Улады Кітаю заяўлялі аб правядзеньні расьсьледаваньня і пра тое, што ня выявілі нічога падазронага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША эвакуявалі з Кітаю 11 дыпляматаў праз «акустычную атаку»