Зяленскі слухае справаздачу аб расьсьледаваньні забойства Шарамета. ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ

Маніфэстацыя ў Кіеве, 2017

У аўторак, 23 ліпеня, а 14.00, прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі слухае справаздачу праваахоўных органаў аб расьсьледаваньні забойства журналіста Паўла Шарамета.

44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павел Шарамет, які працаваў у мэдыя Беларусі, Расеі і Ўкраіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.

Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасьць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасьля высьветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто забіў Паўла Шарамета? Тры гады без адказу


Нацыянальная паліцыя Ўкраіны распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Да расьсьледаваньня падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасьці асноўнай вэрсіі забойства разглядалася помста за прафэсійную дзейнасьць. Сьледства таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, з асабістых матываў або памылкова (цэльлю магла быць грамадзянская жонка загінулага, уладальніца «Українськай правди» Алена Прытула, — менавіта на яе аўтамабілі ехаў Шарамет у момант трагедыі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-генпракурор Украіны: Заказчык забойства Паўла Шарамета займае досыць высокую пасаду