Аляксандар Лукашэнка 23 ліпеня падпісаў закон аб зьменах у Працоўным кодэксе, піша БелТА. Дакумэнт урэгуляваў дыстанцыйную працу і дазволіў мужчынам браць 14-дзённы водпуск пры нараджэньні дзіцяці.
Што новага?
- Зьявіўся разьдзел, які рэгулюе адносіны работніка і наймальніка пры выкананьні дыстанцыйнай працы.
- Мужчыны пры жаданьні змогуць пайсьці ў дадатковы двухтыднёвы водпуск пры нараджэньні дзіцяці. Пры гэтым заробак за супрацоўнікам не захаваецца. Такі адпачынак можна будзе ўзяць толькі адзін раз цягам паўгоду пасьля нараджэньня дзіця.
- Працадаўца зможа са згоды супрацоўніка часова перавесьці яго на іншую працу, у тым ліку да іншага наймальніка.
- Калі супрацоўніка звольнілі за няпоўны працоўны час (менш за палову нормы), дапамога пры звальненьні павінна будзе адпавядаць месячнаму заробку.
- Працадаўца будзе абавязаны за месяц папярэдзіць супрацоўніка аб зьменах умоваў.
- Падчас працоўнага адпачынку супрацоўнікаў дазволілі працаваць няпоўны працоўны дзень ці зьмену.
- Супрацоўнікі, якія знаходзяцца ў дэкрэце, змогуць езьдзіць у службовыя камандзіроўкі, а таксама выходзіць на працу ў выходныя і сьвяты. Наймальнікі таксама змогуць прыцягваць іх да звышурочных прац.
Закон са зьменамі ў Працоўным кодэксе пачне дзейнічаць праз 6 месяцаў пасьля яго афіцыйнай публікацыі.