26 кастрычніка ў клюбе Prime Hall пройдзе вялікі электрычны канцэрт Лявона Вольскага, падчас якога на адной сцэне загучаць хіты гуртоў «Мроя», N.R.M., ZET і VOLSKI.
Як адзначаюць арганізатары, на 2019 год прыпадае шэраг юбілейных датаў гэтых музычных праектаў: 35 гадоў таму нарадзілася «Мроя», 25 гадоў таму зьявіўся N.R.M, 20 гадоў таму нарадзіўся ZET. А 5 гадоў таму ўзьнік праект VOLSKI, які сёлета адзначае сваё 5-годзьдзе.
«Гэты канцэрт будзе адным з самых цікавых: чатыры аддзяленьні, кожнае зь якіх цалкам прысьвечана аднаму з гуртоў, — расказаў Лявон Вольскі. — Варта будзе ўспомніць даўно ня граныя песьні, прапрацаваць паўнавартаснае шоў, якое паглыбіць гледача ў атмасфэру таго ці іншага часу. Магчыма, атрымаецца знайсьці ў шафе тыя самыя касьцюмы...»
Канцэрт пройдзе 26-га кастрычніка а 18.00 у клюбе Prime Hall (Менск, праспэкт Пераможцаў, 65). Квіткі ўжо паступілі ў продаж.