Гэта здарылася, бо праваліўся асфальт. Фатаздымак аварыі апублікаваў тэлеграм-канал Nexta.
Паводле каналу, аўтамабіль МНС трапіў колам у правал асфальту і перакуліўся. Інцыдэнт здарыўся 20 ліпеня каля 19:20, калі машына выяжджала са сваёй часткі на тэрыторыі БелАЭС на пажар у вёсцы Бярозаўка Астравецкага раёну.
У прэс-службе МНС карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі факт дарожна-транспартнага здарэньня «на дарозе агульнага карыстаньня». Аднак адмовіліся падаць падрабязнасьці. Дадалі, што «ніхто не пацярпеў».
«Больш інфармацыі пра ДТЗ распавядаць мы ня маем права», — сказаў афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі.
Афіцыйны прадстаўнік Гарадзенскага абласнога УМНС Натальля Жывалеўская дадала, што «аўтамабіль не куляўся, было ДТЗ».
У Гарадзенскім абласным упраўленьні ДАІ карэспандэнту Свабоды таксама пацьвердзілі факт ДТЗ без пацярпелых, але дэталяў не падалі.
«Гэтая інфармацыя не ўяўляе сабой ніякай каштоўнасьці», — сказалі ў ДАІ.
У Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве «Беларуская атамная электрастанцыя» інфармацыю атрымаць пакуль не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2-3 чалавекі губляюцца «ў грыбах» штодня. Расказваем цікавыя факты пра беларускія лясы