У Санкт-Пецярбургу забілі ЛГБТ-актывістку Алену Грыгор’еву. Пра гэта паведамляе «Фонтанка», інфармацыю таксама пацьвердзіў праваабаронца Дынар Ідрысаў.
Паводле выданьня, цела актывісткі было знойдзенае 21 ліпеня ў кустах недалёка ад дома, у якім яна жыла. У яе зафіксаваныя прыкметы задушэньня, парэзаная сьпіна і твар. Крыміналісты выявілі, што Грыгор’ева памерла ў ноч зь пятніцы на суботу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Камяні, пэтарды і лаянка. Радыкалы спрабуюць сарваць першы ў гісторыі Беластоку «Парад роўнасьці»Праваабаронца Дынар Ідрысаў паведаміў, што Грыгор’евай рэгулярна паступалі пагрозы забойствам у сувязі зь яе дзейнасьцю. Яна зьвярталася ў паліцыю, але праваахоўныя органы не рабілі з гэтай нагоды ніякіх дзеяньняў.
Акрамя ўдзелу ў акцыях пратэсту за правы ЛГБТ, актывістка таксама выступала на мітынгах у падтрымку крымскіх татараў, дальнабойшчыкаў і сясьцёр Хачатур'ян. Ёй быў 41 год.