Чэская пракуратура адкрыла справу супраць грамадзяніна Беларусі, які жыве ў Чэхіі, за ўдзел у баявых дзеяньнях у Данбасе на баку «Данецкай народнай рэспублікі» («ДНР»). Пра гэта паведаміў у панядзелак журналістам прадстаўнік чэскай Генэральнай пракуратуры Марэк Бодлак.
«Крымінальны перасьлед замежнага грамадзяніна зь відам на жыхарства ў Чэхіі пачаўся сёлета ў ліпені», — сказаў ён.
Беларускі грамадзянін, 40-гадовы Аляксей Ф., паводле Бодлака, ад 2014 да 2016 году неаднаразова выяжджаў на ўсход Украіны. Там ён быў задзейнічаны ў баявых апэрацыях у складзе частак сіл «ДНР.» Яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці асудзілі беларуса, які ваяваў на Данбасе і ў СырыіПад падазрэньне дэтэктываў з Нацыянальнага цэнтру барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю грамадзянін Беларус трапіў летась. Два тыдні таму быў абвінавачаны ў «тэрарыстычнай дзейнасьці, у выніку якой магла быць нанесеная цяжкая шкода здароўю грамадзян».
Абвінавачаны ў гэты момант ужо адбывае турмовы тэрмін за нанясеньне цяжкіх пашкоджаньняў.
У Чэхіі крымінальныя справы паводле абвінавачаньняў ва ўдзеле ў баях на ўсходзе Ўкраіны распачатыя супраць 15 грамадзянаў. Чэскае заканадаўства забараняе грамадзянам краіны службу ў замежных узброеных сілах і ваенізаваных падразьдзяленьнях, якія былі задзейнічаныя ў баявых апэрацыях. Забарона не пашыраецца на асобаў, якія атрымалі адпаведны дазвол ад прэзыдэнта рэспублікі.