Двайное забойства ў Асіповічах: затрымалі дваіх невінаватых, адпусьцілі, затрымалі яшчэ трох

Ілюстрацыйнае фота

Сьледчы камітэт паведаміў пра новыя дэталі справы аб забойстве ў Асіповічах 49-гадовага мужчыны і ягонага 26-гадовага пляменьніка 13 ліпеня. Аказалася, два затрыманыя не вінаватыя.

Іх вызвалілі, калі «атрымалі аб’ектыўныя зьвесткі, якія сьведчаць пра тое, што затрыманыя не датычныя да ўчыненьня забойства».

Пасьля іншых двух мужчын — 1980 году нараджэньня з Асіповіцкага раёну і 1977 году нараджэньня зь Любанскага раёну — затрымалі з удзелам спэцназу. Абодва былі раней судзімыя. У іх знайшлі агнястрэльную зброю, з дапамогай якой, як мяркуюць сьледчыя, было ўчынена двайное забойства. Таксама затрымалі брата аднаго з падазраваных — мужчыну 1972 году правяраюць, ці не дапамагаў ён у злачынстве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэнсіянэр з-пад Добруша спрабаваў забіць суседку бомбай. Яго асудзілі на 11 гадоў

Паводле афіцыйна не пацьверджаных зьвестак, якія публікаваў Telegram-канал Nexta, зброяй забойства была паляўнічая стрэльба, а аднаго з забітых знайшлі са зьвязанымі рукамі. Таксама сьцьвярджаецца, што на месцы забойства знайшлі шмат пуху і пер’яў — стрэлы нібыта рабілі праз падушку, каб іх не пачулі суседзі.

Крымінальную справу за забойства дзьвюх асобаў вядуць паводле ч. 2 арт. 139 КК. Гэты артыкул прадугледжвае пакараньні ад пазбаўленьня волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня або сьмяротнага пакараньня.