Сытуацыя з пастаўкамі ў Беларусь няякаснай нафты з РФ прывяла да зьніжэння экспарту прадукцыі прадпрыемстваў канцэрну «Белнафтахім» на 800 млн даляраў. Пра гэта заявіў у нядзелю ў эфіры тэлеканалу «Беларусь-1» міністар эканомікі Беларусі Дзьмітры Круты.
«Праз аб’ектыўны фактар, фактар бруднай нафты, мы існавалі ў рэжыме пэўных абмежаваньняў паставак. Калі мы паглядзім экспартную статыстыку, то па „Белнафтахіме“ гэта мінус 800 млн даляраў у параўнаньні зь мінулым годам», — адзначыў кіраўнік Міністэрства эканомікі.
У сярэдзіне красавіка беларускі канцэрн «Белнафтахім» паведаміў аб рэзкім пагаршэньні якасьці нафты, якая паступае з Расеі праз нафтаправод «Дружба», у выніку шэраг краінаў спынілі прымаць і перапрацоўваць расейскую нафту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белнафтахім»: поўнае аднаўленьне нафтаправоду «Дружба» запатрабуе некалькіх месяцаўКрыніца забруджаньня экспартнай нафты была знойдзеная на ўчастку Самара — Унеча. У «Транснефти» заявілі, што забруджаньне сыравіны ў трубаправодзе было наўмысным. У Сьледчым камітэце РФ адзначалі, што брудная нафта была загружаная ў нафтаправод для ўтойваньня крадзяжоў сыравіны.
Пастаўкі кандыцыйнай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку траўня.