Інтрыга ўкраінскіх выбараў захоўваецца

Уладзімір Зяленскі падчас галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах, 21 ліпеня 2019

Вядомыя вынікі нацыянальнага экзыт-полу па выніках парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Паводле яго, па партыйных сьпісах у Вярхоўную Раду праходзяць 5 партыяў, Прапрэзыдэнцкая партыя «Слуга народу», «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё!»» кума расейскага прэзыдэнта Віктара Медзьведчука партыя папярэдняга прэзыдэнта Пятра Парашэнкі «Эўрапейская салідарнасьць», партыя Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» і партыя ўкраінскага музыкі Сьвятаслава Вакарчука. Разам гэтыя партыі набралі 78.2%.

Але паводле галасаваньня па партыйных сьпісах разьмяркоўваецца толькі палова мандатаў Вярхоўнай Рады. Галасы, адданыя за партыі, якія сабралі менш за 5%, будуць пераразьмеркаваныя на карысьць 5 пераможцаў. Падлікі паказваюць, што з «партыйнай» паловы мандатаў Рады «Слуга народу» атрымаў 56%, «За Жыцьцё» — 15%, «Эўрапейская салідарнасьць» — 11%, «Бацькаўшчына» — 10%, «Голас» — 8%.

56% «Слугі народу» паводле партыйных сьпісаў — гэта больш за чвэрць ад агульнага складу Рады. Гэта шмат, але далёка ад большасьці.

Вырашальнае значэньне мае галасаваньне па мажарытарных акругах. Магчыма, там перавага «Слугі народу» будзе менш пераканаўчай. За гэта гаворыць тое, што на гэтых выбарах яўка была даволі нізкай, яна ніжэйшая, чым была на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах, і ніжэйшая, чым была на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у 2012 годзе і ў 2014 годзе. Асноўны электарат «Слугі народу» — моладзь, моладзь ня надта схільная галасаваць. Як той казаў, прыліў падымае ўсе лодкі. Калі яўка высокая, голас моладзі больш чутны і важкі. Нізкая яўка — не на карысьць «Слугі».

Галоўная інтрыга выбараў — ці набярэ «Слуга народу» агулам больш за 50%, ці зможа партыя стварыць аднапартыйны ўрад.

Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі даў зразумець, што не зьбіраецца аддаваць партфэль прэм’ера ніводнаму зь лідэраў канкуруючых партый, якія прайшлі ў Раду.

Ён сказаў, што прэмʼерам мусіць стаць новы чалавек, гуру эканомікі. Ён праз коску абʼяднаў усіх, хто не падыходзіць пад гэтае вызначэньне — і Пятра Парашэнку, і Юлію Цімашэнку, і Сьвятаслава Вакарчука.

На думку экспэртаў нават калі «Слуга народу» не набярэ арытмэтычнай большасьці, партыі прасьцей дамовіцца з парай дзясяткаў незалежных мажарытарных дэпутатаў, чым утвараць кааліцыю зь іншымі партыямі і ахвяраваць дзеля кааліцыі міністэрскімі партфэлямі, а тым больш партфэлям прэмʼера. Гэта пацьвердзіла і сёньняшняя заява Зяленскага пра тое, што ён ня бачыць у фатэлі прэмʼера нікога зь лідэраў партыйных фракцыяў у Радзе.

Кааліцыя пераможцы зь іншымі партыямі магчымая, але на ўмовах пераможцы — прадметам гандлю могуць быць пасады старшыняў камітэтаў Рады, магчыма, другасных міністэрскіх партфэляў. Але ключавыя пасады, уключна з прэмʼерам і сьпікерам Вярхоўнай Рады, пераможцы, гледзячы па ўсім, возьмуць сабе.

Лёс кааліцыі, створанай у папярэднім складзе Рады ў 2014, сьведчыць пра тое, што кааліцыі ва ўкраінскай палітыцы — рэч рызыкоўная.

Але калі «Слуга народу» набярэ агулам істотна менш, чым 50%, кааліцыя непазьбежная. Гледзячы па сёньняшніх рэпліках Зяленскага, найбольш прыдатным партнэрам ён лічыць самую малую фракцыю — партыі «Голас».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.