Паліцыя ў Ганконгу ўжыла сьлезацечны газ і гумовыя кулі для разгону мітынгу 21 ліпеня пасьля масавай антыўрадавай акцыі.
Сотні тысяч людзей выйшлі на вуліцы 21 ліпеня з патрабаваньнем да ўладаў правесьці дэмакратычныя рэформы і расьсьледаваць гвалт з боку паліцыі.
Сілавікі перайшлі да такіх дзеяньняў пасьля таго, як пратэстоўцы адмовіліся спыніцца ў пэўным пункце, працягваючы рухацца да цэнтральных дзяржаўных установаў Кітаю.
У чэрвені паліцыянты пры разгоне пратэстоўцаў ужылі гумовыя кулі і сьлезацечны газ. Пра сутыкненьні дэманстрантаў з паліцыяй паведамлялі і пасьля маршу 14 ліпеня, калі пацярпелі 11 паліцыянтаў.
Пратэсты ў Ганконгу адбываюцца ад мінулага месяца пасьля таго, як улады ініцыявалі законапраект аб экстрадыцыі ў мацерыковы Кітай. На вуліцы выходзілі да мільёна чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ганконгу афіцыйна прыпынілі прыняцьце закону, супраць якога пратэставала мільён чалавекАпанэнты законапраекту лічаць, што ён можа быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскага правасудзьдзя дысыдэнтаў і несправядліва перасьледваных людзей.
Пасьля масавых пратэстаў улады заявілі, што спыняюць увядзеньне законапраекту, аднак мітынгоўцы патрабавалі цалкам ад яго адмовіцца.