Жыхар Менску на свой Дзень народзінаў паспрабаваў узяць штурмам Цэнтральны РУУС. Пералез праз плот і разьбіў дзьверы. Фота

Belarus, Minsk, Centralny UUS, broken doors

Незвычайны выпадак адбыўся сярод белага дня 20 ліпеня. Хуліган затрыманы на месцы злачынства.

Пра здарэньне паведамляе міліцэйская прэс-служба. «Каля 13.00 20 ліпеня на тэрыторыю Цэнтральнага РУУС Менску незаконна пранік 25-гадовы жыхар сталіцы, — гаворыцца ў паведамленьні. — У маладога чалавека атрымалася пералезьці праз плот з калючым дротам, падбегчы да дзьвярэй будынка райупраўленьня і рукамі разбіць у іх шкло. Зламысьнік апэратыўна затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, на яго целе выяўленыя парэзы ад дроту і разьбітага шкла. Пасьля аказаньня першай мэдыцынскай дапамогі менчука даставілі ў бальніцу».

Зараз міліцыя праводзіць праверку. Праваахоўнікі спрабуюць высьветліць, што натхніла 25-гадовага менчука на такі незвычайны ўчынак. Мяркуецца, што правапарушальнік знаходзіўся ў стане алькагольнага або наркатычнага ап’яненьня. Пра яго вядома няшмат. Паведамляецца толькі тое, што затрыманы раней прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці па артыкуле 339 КК Беларусі («хуліганства»). Таксама вядома, што за дзень да здарэньня мужчына адзначаў свой Дзень нараджэньня.