«Мне страшна, але ў Беларусі яшчэ горш». У Беластоку ўпершыню прайшоў гей-парад і сустрэў супраціў тысяч

Ужо за гадзіну да абвешчанага старту шэсьця, якое павінна было ісьці па цэнтры гораду, на плошчы Незалежных студэнтаў сабраліся некалькі тысяч людзей, каб выказаць нязгоду з рашэньнем правесьці гей-парад у Беластоку. Большасьць — футбольныя фанаты, якія прыехалі ў Беласток з усёй краіны.

З усёй Польшчы зьвезьлі ў Беласток і адмысловыя атрады паліцыі — каб ахоўваць дэманстрантаў.

«Так, мне страшна, — сказала Свабодзе 20-гадовая Малгажата Мруз, якая прыехала на гей-парад з Чэнстахова. — Вы чуеце, што крычаць і чым пагражаць нам сёньня на вуліцах Беластоку. Таму я не магу адчуваць сябе ў бясьпецы ў сваёй роднай краіне. Тут, на парадзе бясьпечна, але калі ён скончыцца, нам трэба будзе ісьці дадому, ехаць на чыгуначную станцыю, вяртацца ў свае гарады. Таму я нашу з сабой газавы балёнчык. Але я ведаю, што ў Беларусі з правамі ЛГБТ-супольнасьці яшчэ горш, і я вельмі шкадую пра гэта. Таму што гэта вельмі важная адчуваньне, што ты можаш быць акружаны такімі ж самымі людзьмі, як і сам».

Праціўнік параду трымае ікону

А 14.30 пад аховай моцна ўзброенай паліцыі гей-парад шэсьцем рушыў па цэнтры Беластоку. Агрэсіўна настроеныя праціўнікі шэсьця ўвесь час скандавалі «Хлопец, дзяўчына, нармальная радзіна!», ім у адказ чулася «Польшая, вольная ад фашыстаў!».

Падчас шэсьця, адбылося некалькі сутычак з паліцыяй. Праціўнікі гей-параду спрабавалі блякаваць рух шэсьця і кідалі ў яго накірунку шкляныя бутэлькі. Паліцыя была вымушаная распыляць сьлезацечны газ і арыштаваць 10 чалавек.

Для нэўтралізацыі праціўнікаў гей-параду паліцыя выкарыстала верталёт. Апускаючыся над групай людзей, ён ствараў паветраныя хвалі, пад ціскам якіх людзі разьбягаліся ў бакі.
 

Фанаты беластоцкага футбольнага клюбу «Ягелёнія» прыйшлі ў цэнтар гораду выказаць пратэст супраць гей-параду. Разам зь імі фанаты іншых футбольных клюбаў у розных польскіх гарадоў.

«Любы чалавек можа любіць футбол, гэта нармальна. Але ў Беластоку чамусьці тыя, хто любіць футбол — гэта амаль заўсёды вельмі гамафобныя людзі», — лічыць удзельніца гей-параду Катажына.

Падчас гей-параду калёна вернікаў каталіцкай царквы некалькі разоў перакрывала вуліцы. «Нам сорамна перад Богам за тое, што адбываецца сёньня ў нашым горадзе. Супрацьстаяць мы ня можам, таму вырашылі супольна маліцца. Калі казаць каротка, то мы просім прабачэньня ў Бога і сьвятой Марыі за гэтых людзей», — сказалі Свабодзе ўдзельнікі каталіцкага шэсьця.
 

Паліцэйскія петарды, якія былі кінутыя ў бок пратэстоўцаў.

Парад прайшоў каля некалькі асноўных беластоцкіх касьцёлаў.

«Я нясу плякат „Любовь — это любовь“, таму што ў Беластоку шмат людзей гавораць па-расейску. Я лічу, што ў Польшчы вялікія праблемы з талерантнасьцю, але я ведаю, што вы, беларусы, у яшчэ горшай сытуацыі», — сказала Свабодзе ўдзельніца параду Маша.

Праціўнікі параду трымаюць плякат.

«Я тут, таму што гэта мой горад і мне не ўсё роўна. У нас ёсьць традыцыі і рэлігія, якая гаворыць, што такія парады — гэта ненармальна. Яны гавораць, што хочуць правы кахаць каго яны хочуць, але для мяне гэта дзіўна, таму наша рэлігія гаворыць, што сям’я, каханьне — гэта толькі паміж мужчынам і жанчынай», — сказаў Свабодзе адзін з пратэстуючых.
 

Пасьля параду, адбылося некалькі сутычак. Пратэстоўцы адбіралі ва ўдзельнікаў параду вясёлкавыя сьцягі, абражалі і лаяліся ў іх бок.

Некаторых удзельніказ параду прыйшлося развозіць па хатах на машынах паліцыі.