Некалькі фактаў, якія пацьвярджаюць, што кадры высадкі амэрыканцаў на Месяцы — ня фэйк Галівуда

Astronaut Buzz Aldrin stands beside a solar wind experiment

Вэрсія, што гістарычная высадка амэрыканцаў Ніла Армстранга і База Олдрына на Месяцы, зьяўляецца фэйкам, была дастаткова распаўсюджана ня толькі ў СССР, але і сярод некаторых колаў у заходнім грамадзтве.

Мінула 50 год з таго часу, калі Ніл Армстранг разам з Базам Олдрынам зрабілі свае крокі на паверхні Месяца, а кансьпіралягічныя тэорыі нікуды ня зьніклі — некаторыя людзі працягваюць верыць у тое, што тады, у 1969-м годзе, была зроблена вельмі якасная фальсыфікацыя на адной са студыяў Галівуда.

Астраном у Каралеўскай абсэрваторыі Грынвіча, доктар Эмілі Драбэк-Маўндэр, дае тлумачэньні самым частым памылковым разважаньням на тэму рэальнасьці высадкі на Месяцы.

Ці сапраўды момант са сьцягам ЗША пацьвярджае, што ўся гэта гісторыя з высадкай — фэйк?

​Паводле доктара Драбэк-Маўндэр, ёсьць дзьве прычыны, чаму здаецца, быццам сьцяг разьвіваецца на ветры — пры гэтым ніводная зь іх не зьвязана зь ветрам. Па-першае, сьцяг трымаўся ня толькі на флягштоку, але і на гарызантальным мэталічным брусе, прызначэньне якога — трымаць сьцяг разгорнутым нават ва ўмовах адсутнасьці кіслароду. Па-другое, абодва касманаўты рабілі адпаведныя намаганьні, спрабуючы ўсталяваць сьцяг на месяцавай паверхні. Такім чынам касманаўты прымусілі сьцяг і далей лунаць, ужо па-інэрцыі.

А зоркі? Чаму няма зорак?

Сапраўды, іншы аспэкт, які прыцягвае ўвагу прыхільнікаў кансьпіралягічнай тэорыі высадкі на Месяцы, гэта адсутнасьць зорак на фоне. Доктар тлумачыць, што зоркі ня бачныя на здымках таму, што для таго, каб зрабіць фота, касманаўтам давялося карыстацца вытрымкай на фотаапараце, бо ад месяцавай паверхні адлюстроўваецца сьвятло. Вытрымка яе фільтруе, але не прапускае і сьвет ад зорак.

Што наконт кратэра? Прызямленьне Апола-11 павінна было пакінуць нейкі сьлед альбо падняць пыл

Як кажа доктар Драбэк-Маўндэр, у гэтага ёсьць навуковае тлумачэньне. На відэа пасадкі Апола-11, можна заўважыць, што перад тым як дакрануцца паверхні, касьмічны апарат нейкі час ляцеў гарызантальна і яго рэактыўныя рухавікі былі накіраваныя ня ў бок паверхні. У рэшце рэшт, калі ён апускаецца, можна пабачыць, што пыл сапраўды разыходзіцца ў розныя бакі. І, безумоўна, можна пабачыць пыл вакол апарата. Яшчэ існуе закід, што здымкі пасадкі былі сфальсыфікаваныя, паколькі бачныя неадпаведнасьці ў куце і колерах ценяў на фотаздымках з Месяца. Як, напрыклад, на знакамітым кадры, калі Олдрын спускаецца па лесьвіцы на месяцавую паверхню.

Прыхільнікі тэорыі галівудзкага паходжаньня гэтых матэрыялаў кажуць, што для гэтага было выкарыстанае штучнае асьвятленьне. Драбэк-Маўндэр тлумачыць, што такі дзіўны выгляд атрымаўся з прычыны няроўнай паверхні Месяца і адлюстраваньня Сонца на ёй.

Але хто зрабіў вядомы здымак, на якім можна ўбачыць абодвух касманаўтаў?

Ніл Армстронг і месяцавы апарат бачныя ў адлюстраваньні ў скафандры База Олдрына на знакамітай фатаграфіі Олдрына, дзе ён стаіць у касьмічным касьцюме на паверхні Месяца. Толькі тыя два касманаўты выйшлі на Месяц на Апалоне-11, але ў руках астранаўтаў няма аніякіх фотакамэраў. Зноў жа, існуе просты адказ, кажа Драбэк-Маўндэр: «Камэры сапраўды былі разьмешчаныя на грудзях касманаўтаў, прымацаваныя да іх касьцюмаў. І вось на гэтым уласным здымку вы можаце ўбачыць адлюстраваньне Ніла Армстронга ў шкле скафандра База Олдрына. І яго рукі на гэтым здымку сапраўды знаходзяцца ў вобласьці грудзей, бо ён і рабіў гэты здымак».

Падрыхтаваў Ян Поклад