У Гарадку на Падляшшы сёньня заканчваецца гісторыя Фэстывалю музыкі маладой Беларусі «Басовішча». Арганізатары вырашылі, што сёлетняе «Басовішча», 30-е па ліку, стане апошнім.
Наш рэдакцыйны калега Ян Максімюк, які быў вядоўцам на двух першых «Басовішчах», у 1990 і 1991 гадах, пабываў на перадапошнім фэстывальным канцэрце, у пятніцу 19 ліпеня 2019 году, і прыслаў нам з Гарадка жменю сваіх вэтэранскіх рэфлексій.
З братам Аляксандрам і нашымі жонкамі мы пад’ехалі на апошняе «Басовішча» якраз пад выступ Ігара Варашкевіча з «Крамай». Хто можа быць больш знакавай постацьцю фэстывалю за Ігара Варашкевіча для такіх вэтэранаў «Басовішча», як мы? Хіба што Лявон Вольскі з «Мрояй» або і безь яе...
Помніцца, што Ігар Варашкевіч, які недзе пад канец 1980-х завязаў з «Бондай», на «Басовішчы» зьявіўся ўпершыню ў 1991 годзе — тады гурт, які яму падыгрываў, называўся «Рокіс». А ў 1992 годзе, калі адным зь вядоўцаў фэстывалю быў мой брат, Ігар выступаў на «Басовішчы» ўжо з «Крамай». І потым, як лідэр «Крамы», ён зьяўляўся на фэстывалі амаль штогод, нязьменна выклікаючы энтузіязм публікі, як нашай падляскай, так і менскай.
На заканчэньне свайго выступу Ігар сказаў файную рэч, якая патрапіла ў прыхільныя вушы такой вэтэранскай тусоўкі, як мы з братам — гэтая тусоўка сёньня, 30 гадоў пазьней, сядзела спакойна на лавачках са сваімі малжонкамі і пігулкамі ад ціску і дыябэту, і па-філязофску глядзела на выканаўцу ды моладзь, якая гайдалася каля сцэны пад гукі «Стэфкі» ў трох гістарычна адрозных вэрсіях. «Самі разумееце, што на той тэрыторыі, адкуль мы прыехалі, такога фэстывалю як „Басовішча“ арганізаваць немагчыма, — камплімэнтаваў і арганізатараў фэстывалю, і гарадоцкую публіку лідэр „Крамы“. — Дзякуй усім за гэтыя трыццаць гадоў».
У перапынку паміж выступамі Ігара Варашкевіча і нашай Ілёны Карпюк (Дамброўскай) з гуртам «Ilo&Friends», рэпартэрка Радыё Рацыя папрасіла мяне ў мабільную студыю, адкуль вялася трансьляцыя «Басовішча» на ўвесь сьвет, каб я падзяліўся з гэтым сьветам сваімі меркаваньнямі і ўспамінамі пра тое, што бачыў на фэстывалі за апошнія трыццаць гадоў, то бок за сваё паўжыцьця. «Гэта жывая трансьляцыя, і гэта адна з рэчаў, якая вельмі добра ім удаецца», — растлумачыў мне сытуацыю мой брат, які нейкі час таму працаваў у Рацыі і займаўся, сярод іншага, наладжваньнем такіх трансьляцый.
Адно з пытаньняў да мяне было, зразумела, і пра тое, што я думаю пра закрыцьцё «Басовішча». На гэтае пытаньне я паспрабаваў адказаць у сваім тэксьце для Свабоды тыдзень таму, але ў Гарадку ў мяне была нагода запытацца пра гэта і ў Лідкі Пякарскаяй, кіраўніцы Беларускага аб’яднаньня студэнтаў у Польшчы і галоўнай арганізатаркі «Басовішча».
«Прычына, што „Басовішча“ спыняецца, ня ў тым, што няма ахвотных рабіць яго далей. Ахвотныя, пэўна, знайшліся б, але імпрэза цяпер набыла настолькі маштабны і прафэсіянальны характар, што цяжка далей арганізаваць яе так, каб утрымаць гэты ўзровень, каб „Басовішча“ не заняпала і не памерла самое. Лепш закончыць фэстываль цяпер, калі ён яшчэ добра выглядае, і не чакаць часу, калі ніхто сюды не прыедзе, бо ня будзе дзеля чаго прыяжджаць. Гэта ўжо завялікая імпрэза, як на магчымасьці нашай студэнцкай арганізацыі», — сказала мне Лідка, з чыёй мамай, Барбарай, мы вялі першае «Басовішча» ў 1990 годзе.
Калі паспрабаваць дэшыфраваць гэтыя абцякальныя фармулёўкі, якія безумоўна рыхтаваліся для «зьнешняга карыстаньня», то тут узьнікаюць, калі можна так сказаць, як мінімум тры сюжэты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Некалькі словаў пра «Басовішча», якіх ня скажа ніхтоПа-першае, у Беларускага аб’яднаньня студэнтаў сапраўды ўжо няма дастаткова матываваных чалавечых рэсурсаў, каб цягнуць «Басовішча» далей і арганізаваць яго на «прафэсіянальным узроўні». Лідка мне сказала, што сёлета ёй дапамагалі ў арганізацыі фэстывалю, прынамсі на апошнім яго этапе, каля трыццаці добраахвотнікаў, то бок значна больш, чым у папярэднія гады, але сама прызнае, што далей ужо не стае сілаў рабіць такую «маштабную» імпрэзу.
Па-другое, пераважная большасьць сродкаў на арганізацыю «Басовішча» ідзе зь дзяржаўнай касы — зь Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі ў Варшаве і з Маршалкоўскай управы Падляскага ваяводзтва ў Беластоку. Штогод студэнты шукаюць і пабочных, прыватных спонсараў, але сумы, якія зьбіраюцца такім шляхам, адчувальна не папраўляюць фінансавай сытуацыі фэстывалю. Неймаверную кучу грошай зьядае тэхнічнае забясьпечаньне «Басовішча» — падрыхтоўка сцэны, добрай гукаўзмацняльнай апаратуры і іншага абсталяваньня, ахоўнікі...
На ганарары выканаўцам застаецца мізэр. Каб запрасіць, напрыклад, зорку польскай рок-сцэны на гарадоцкі фэстываль, трэба лічыцца з выдаткам парадку 10 тысяч даляраў. Зразумела, такіх грошай арганізатары «Басовішча» ня маюць. Сёлета Варшава дала на ўвесь фэстываль 90 тысяч злоты (каля 25 тысяч даляраў). У папярэднія гады давала яшчэ меней — па 70 тысяч злоты. Бедны народ ня можа мець багатай і прыцягальнай культуры — магчыма, гэтае сьцьверджаньне можа камусьці падацца занадта брутальным, аднак жа ўся гісторыя беларускай культуры пацьвярджае гэтую жорсткую праўду штодня. Як казаў Маркс, быцьцё вызначае сьвядомасьць. Наадварот, на жаль, наагул не бывае.
Па-трэцяе — але пра гэта ніхто з арганізатараў ня скажа вам публічна — «Басовішча» як фэстываль музыкі «маладой Беларусі» ужо даўно вычарпаў сваю формулу, якую заклалі ў яго арганізатары 1990-х гадоў. Рок-музыка ці бардаўская песьня такога «паўафіцыйнага», «паўандэрграндавага» статусу, які яна мае ў беларускай культурнай прасторы, даўно перастала быць нечым, што ў змозе зьбіраць вялікія аўдыторыі каля сцэны. Інакш кажучы, сёньня вельмі цяжка канкураваць, асабліва безь вялікіх грошай, зь YouTube, Spotify і таму падобнымі вынаходзтвамі...
Сказаўшы ўсё гэта, хачу на заканчэньне адзначыць тое, што на сцэне «Басовішча» 19 ліпеня 2019 году зачапіла мае вушы наймацней. Гэта быў выступ гурта «Ilo&Friends» — сапраўдная найвышэйшая ліга «музыкі маладой Беларусі». І музыка клясная, і лідэрка гурта абаяльная, і тэксты не банальныя. З музыкай Ілёны і яе сяброў у вушах і ў душы я і вярнуўся з Гарадка ў Беласток, журботны, але шчасьлівы. Усё ж такі Басовішча — гэта нешта... Мы не да канца прамарнавалі наш час цягам апошніх трыццаці гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзе шукаць новую беларускую музыку. Спасылкі і ня толькі