Вясна 1991 году. Людзі пратэстуюць супраць сацыяльнай і эканамічнай палітыкі ўраду Вячаслава Кебіча. Сярод іншых слова ўзяў прадстаўнік парлямэнцкай фракцыі «Камуністы за дэмакратыю» Аляксандар Лукашэнка. Гэта адзіны ягоны вулічны выступ перад народам.
Красавік 1991-га — кульмінацыя масавых акцый пратэсту, да якой далучыліся працоўныя па ўсёй Беларусі. У цэнтры Менску сабраліся 100 тысяч чалавек — той рэкорд не пабіты да сёньня. За ўсю савецкую гісторыю такі салідарны пратэст беларускіх рабочых быў першы і апошні. СССР тым часам дажываў апошнія месяцы.
Вышэйшыя кіраўнікі мусілі пайсьці на перамовы з абуранымі людзьмі. Пасярэднікамі вызваліся стаць некалькі дэпутатаў. На плошчы Леніна абсталявалі імправізаваную трыбуну.
У мітынгу ўдзельнічалі дэпутаты Зянон Пазьняк, Сяргей Антончык, Аляксандар Лукашэнка ды іншыя. Функцыі вядоўцы ўзяў на сябе Ўладзімер Ганчарык — дэпутат Вярхоўнага Савету СССР і Вярхоўнага Савету Беларусі, будучы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і адзіны кандыдат ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году.
«Лукашэнка заўсёды быў „флюгерам“: куды вецер — туды і ён, — згадвае спадар Ганчарык для Свабоды. — Унутрана такім і застаўся, хоць, безумоўна, стаў больш вопытным — не скажу, што больш мудрым. Як пажартаваў адзін з колішніх прэм’ер-міністраў, Лукашэнка настолькі пашырыў кругагляд, што нават даведаўся, што такое інфляцыя. Трэба аддаць яму належнае, за прамінулы час ён адшліфаваў сваю вясковую рыторыку, навучыўся гнуткасьці. Але па натуры які быў, такі і ёсьць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ганс-Георг Вік: «Лукашэнка быў гатовы да дыялёгу з апазыцыяй, але Пуцін параіў яму не рабіць гэтага»Уладзімер Ганчарык перакананы, што Аляксандар Лукашэнка атрымаў тое, чаго так настойліва дамагаўся, — аднаасобную ўладу. І цяпер заклапочаны толькі тым, як яе ўтрымаць.
«Ведаючы Лукашэнку яшчэ з дапрэзыдэнцкіх часоў, магу сказаць, што ён будзе трымацца за сваё месца да апошняга, ніколі не саступіць добраахвотна. Таму можна толькі пашкадаваць: чалавек не разумее, што становіцца тормазам і ў сацыяльным, і ў эканамічным разьвіцьці краіны. Найперш для яго самога было б лепш гэта нарэшце ўцяміць і знайсьці магчымасьць сысьці — каб потым ня стала горш усім», — заключае былы кандыдат на найвышэйшую дзяржаўную пасаду.
Спроба самога Ўладзімера Ганчарыка супрацьстаяць Аляксандру Лукашэнку на другіх у гісторыі Беларусі прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году плёну ня мела: паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, за прафсаюзнага лідэра аддалі галасы толькі 15% выбарцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Марш за выжываньне». Як беларускія чарнобыльцы ў 1990 годзе «штурмавалі» Крэмль. ФОТА, ВІДЭА