75 гадоў як Гітлер цудам пазьбег сьмерці

«Ваўчынае логава» ва Ўсходняй Прусіі. Стаўка Гітлера на Ўсходнім фронце

Адольфа Гітлера спрабавалі забіць дзясяткі разоў. Самы знакаміты замах на жыцьцё фюрэра адбыўся 20 ліпеня 1944 году ў стаўцы Гітлера «Ваўчынае логава» ва Ўсходняй Прусіі. Кожны год 20 ліпеня ў Бэрліне ўскладаюць вянкі ў гонар пакараных нацыстамі ўдзельнікаў змовы супраць Гітлера.

«Нацысты ўсхваляваліся...»

16-гадовага беларускага юнака Вітаўта Кіпеля дзень 20 ліпеня 1944-га засьпеў у Пазнані, пра што ён праз 70 гадоў напіша ва ўспамінах:

«Адна раніца ў ліпені мне добра запамятавалася. Іду я на станцыю і бачу, што там усё перагароджана, стаяць браневічкі і нямецкая жандармэрыя правярае дакумэнты ў тых, хто ідзе на станцыю. Я паказаў дакумэнты, мяне прапусьцілі, іду далей — а на станцыі зноў кардон.

Аднак на вакзал мяне ўпусьцілі, я хуценька праверыў сваю справу і выйшаў назад, ні ў кога нічога не пытаючыся.

Адышоўшы ад станцыі, я купіў газэту — Völkischer Beobachter — і прачытаў, што 20 ліпеня быў замах на Гітлера, і мне ўсё стала ясна — нацысты ўсхваляваліся, баючыся, што можа гэта рэвалюцыя пачынаецца па цэлай краіне, таму ўсюды былі ўзмоцненыя нацыстоўскія патрулі. Але пад вечар я ўжо ня бачыў нічога асаблівага, усё супакоілася...»

Афіцэр спатыкнуўся аб партфэль

20 ліпеня 1944 года палкоўнік граф Кляўс Шэнк фон Штаўфэнбэрг прынёс на нараду ў стаўку Адольфа Гітлера «Ваўчынае логава» (Wolfsschanze) партфэль, у якім была выбухоўка. Змагаючыся ў Афрыканскім корпусе, фон Штаўфэнбэрг страціў левае вока, кісьць правай рукі і два пальцы на левай. З такімі фізычнымі пашкоджаньнямі ён усё ж здолеў актываваць дэтанатар. Штаўфэнбэрг пасьпеў выйсьці з пакоя, але пасьля гэтага адзін з афіцэраў спатыкнуўся аб партфэль і адштурхнуў яго ўбок. У 12.42 адбыўся выбух. Чатыры чалавекі загінулі, але Гітлеру пашанцавала.​

Напярэдадні ўвечары Кляўс фон Штаўфэнбэрг паклаў у партфэль плястычную выбухоўку і праверыў узрывальнік. Абодва пакеты з выбухоўкай важылі каля двух кіляграмаў: надта цяжка для адной скалечанай рукі Штаўфэнбэрга. Можа быць, менавіта таму ён ужо ў стаўцы, прайшоўшы ўсе кардоны, пакінуў адзін з пакетаў з выбухоўкай у ад’ютанта і толькі адзін узяў з сабой у залю, дзе праходзіла нарада. Зрэшты, і гэтай колькасьці цалкам хапіла б: як выявілася пасьля, ад выбуху павалілася столь і заля ператварылася ў груду развалін. 17 чалавек атрымалі раненьні, чацьвёра загінулі.

«Ваўчынае логава»

Гітлер ацалеў дзякуючы выпадковасьці. Партфэль трэба было паставіць бліжэй да месца, дзе сядзеў фюрэр, аднак адзін з удзельнікаў нарады машынальна засунуў партфэль, у якім ляжала выбухоўка, далей пад стол: ён яму перашкаджаў. Гэта і выратавала Гітлера.

Гітлеру пашчасьціла і ў тым, што нарада праходзіла не ў падземным бункеры, а ў лёгкім драўляным будынку — тым ня менш ён атрымаў 100 аскепкаў у ногі, у яго была вывіхнутая рука, пашкоджаныя барабанныя перапонкі, расьсечаны твар.

Сумневаў у тым, што Гітлер мёртвы, не было

Калі пачуўся выбух, Штаўфэнбэрг, які выйшаў з залі з добрапрыстойнай прычыны, ужо выяжджаў з стаўкі. Ён сьпяшаўся на аэрадром. Сумневаў у тым, што Гітлер мёртвы, у яго не было, таму ён сьпяшаўся ў Бэрлін: цяпер усё вырашалася там.

Але змоўнікі дзейнічалі недаравальна павольна. Ізаляваць часткі СС і штаб-кватэру гестапа ў ходзе апэрацыі «Валькірыя» вайскоўцам не ўдалося. У вайсковыя часткі паступалі загады як ад змоўнікаў, так і проста супрацьлеглыя — ад Гітлера. Калі ў вайсковае міністэрства прыехаў палкоўнік Штаўфэнбэрг, ён пачаў дзейнічаць больш рашуча, але было ўжо позна.

Мэмарыял Кляўса фон Штаўфэнбэрга ў Бэрліне

Павесілі фэльдмаршала, 19 генэралаў, 26 палкоўнікаў...

Некалькі чалавек разам са Штаўфэнбэргам былі арыштаваныя проста ў будынку вайсковага міністэрства. Іх у той самы дзень расстралялі.

Колькасьць тых, каго пакаралі сьмерцю пасьля таго, як змова правалілася, гісторыкі ацэньваюць па-рознаму — ад 200 да 4980 чалавек. У турме Плёцэнзээ, сярод іншых, павесілі фэльдмаршала, 19 генэралаў, 26 палкоўнікаў, двух паслоў, аднаго міністра, трох дзяржаўных сакратароў, начальніка паліцыі Бэрліну і шэфа крымінальнай паліцыі Райху. Сярод змоўнікаў былі і вайсковыя прафэсіяналы, тыя, што хацелі захаваць Райх, памірыўшыся з Захадам, і хрысьціянскія дэмакраты, і лібэралы, і прыхільнікі «нацыянальнай рэвалюцыі».

Гестапа арыштавала і ўсіх блізкіх сваякоў Кляўса фон Штаўфэнбэрга, у тым ліку яго жонку і маці. Дзецям зьмянілі прозьвішча і адправілі ў спэцыяльны дзіцячы дом, забараніўшы расказваць, хто яны.

На шчасьце, да канца вайны заставалася менш за год.

Мэркель: «Штаўфэнбэрг — прыклад для перайманьня»

У памяць аб тых, хто загінуў у выніку падзеяў 20 ліпеня, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель запісала відэападкаст, у якім назвала Штаўфэнбэрга і яго саўдзельнікаў прыкладам, на які мусяць арыентавацца праціўнікі правага экстрэмізму сёньня.

«Гэты дзень нагадвае нам ня толькі пра ўдзельнікаў апэрацыі 20 ліпеня, але і пра ўсіх тых, хто выступаў супраць панаваньня нацыянал-сацыялізму. Мы і сёньня павінны супрацьстаяць усім тэндэнцыям, якія імкнуцца падарваць дэмакратыю», — заявіла Мэркель.

Статуя ў Мэмарыяле нямецкага супраціву. У гэтым бэрлінскім двары 20 ліпеня 1944-га былі расстраляныя змоўнікі

Падрыхтавала Кацярына Яроміч