20 ліпеня 1969 году толькі дзьве краіны ў сьвеце адмовіліся трансьляваць у жывым эфіры гэтую гістарычную падзею — Кітай і СССР.
21 ліпеня 1969 году ў 2 гадзіны 56 хвілін унівэрсальнага каардынаванага часу (UTC) увесь сьвет сачыў у жывым эфіры, як амэрыканскі астранаўт Ніл Армстранг ступае на паверхню Месяца. Гэта была першая жывая трансьляцыя ў гісторыі тэлебачаньня і чалавецтва, якая вялася адначасова на тэрыторыю ўсёй плянэты. Акрамя дзьвюх краін — КНР і СССР. Пакуль Ніл Армстранг рабіў свой невялічкі крок для аднаго чалавека, большасьць беларусаў спалі ў сваіх ложках — у Менску на гадзіньніку было 5.56 раніцы.
Пасадка месячнага модуля «Арол» на паверхню спадарожніка Зямлі адбылася на некалькі гадзін раней, а ракета «Сатурн V» з караблём «Апалён 11» стартавала яшчэ 16 ліпеня. Пра ніводную з гэтых падзей большасьць жыхароў Беларусі ня ведала.
«Мужныя падарожнікі»
Даведацца пра палёт амэрыканцаў на Месяц жыхары Беларусі ў 1969 годзе маглі некалькімі спосабамі. Уся афіцыйная інфармацыя паходзіла ад ТАСС (Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюзу). Яна трапляла ў рэдакцыі вялікіх і малых дзяржаўных газэт, якія перадрукоўвалі яе на сваіх старонках.
У ліпені 1969 году газэта «Звязда», якую выдаваў ЦК Камуністычнай партыі Беларусі, пра палёт амэрыканскага карабля «Апалён 11» на Месяц напісала двойчы. Першы матэрыял выйшаў у нумары за 21 ліпеня, ужо пасьля высадкі. Матэрыялу прысьвяцілі перадапошнюю старонку нумару. Там згадалі пра сам палёт на месяц, высадку і вяртаньне касманаўтаў Армстранга і Олдрына ў кабіну касьмічнага карабля.
«Учора ў 23:18 па маскоўскім часе месяцавая кабіна касьмічнага карабля „Апалён-11“ з Н. Армстрангам і Э. Олдрынам зрабіла пасадку на паверхні Месяца ў Моры Спакою», — пісала газэта ў сваім першым матэрыяле.
У другой публікацыі, прысьвечанай палёту амэрыканцаў на Месяц, «Звязда» напісала пра іх пасьпяховае вяртаньне на Зямлю. Матэрыял выйшаў 26 ліпеня.
«Советская Белоруссия» таксама прысьвяціла палёту «Апалёна-11» два матэрыялы. Першы надрукавалі ў нумары за 22 ліпеня ў рубрыцы «За гадзіну да выхаду газэты». У невялічкай нататцы прыводзіліся агульныя зьвесткі пра палёт і некаторыя яго тэхнічныя характарыстыкі.
Другі матэрыял, «Касманаўты вярнуліся на зямлю», выйшаў у газэце ўжо 26 ліпеня. У ім на паўпаласы расказвалася пра вяртаньне касманаўтаў і тэхнічную працэдуру высадкі ў Ціхім акіяне. Касманаўтаў у матэрыяле нават назвалі «мужнымі падарожнікамі».
Акрамя беларускіх савецкіх газэт, у 1969 годзе ў Беларусі можна было чытаць і агульнасавецкія. Сярод іх галоўнай была газэта «Правда». Выданьне мела ў Нью-Ёрку свайго ўласнага карэспандэнта Барыса Стрэльнікава, які асьвятляў палёт «Апалёна-11» у кожным нумары. Першы матэрыял пра місію «Апалён 11» быў апублікаваны яшчэ да старту касьмічнага карабля з мыса Канавэрал. Нататка выйшла 18 ліпеня пад загалоўкам «Аполлон-11 перед прилунением». У ім аўтар апісваў, што перадавалі касманаўты з борту карабля, які быў яшчэ толькі ў дарозе да спадарожніка Зямлі.
Агулам «Правда» апублікавала пра палёт «Апалёна 11» пяць матэрыялаў. У тым ліку і пра саміх астранаўтаў. «З расповедаў родных Майкла Колінза, Нэйла Армстранга і Эдвіна Олдрына ўзьнікаюць партрэты мужных і ўмелых людзей, — гаварылася ў артыкуле Стрэльнікава. — Стрыжнем карабля зьяўляецца Нэйл Армстранг, якога называюць царом карабля». Апошні, пяты матэрыял у «Праўдзе» быў прысьвечаны прывадненьню «Апалёна-11» у Ціхім акіяне.
«Посьпех амэрыканцаў мы пабойваліся абмяркоўваць паміж сабой»
Уладзіміру Глоду, тады журналісту «Фізкультурніка Беларусі», у канцы ліпеня 1969-га было 24 гады. Глод узгадвае, што ў той час у СССР вельмі ганарыліся дасягненьнямі краіны ў галіне асваеньня космасу. Аднак пра існаваньне савецкай праграмы высадкі на Месяц і прайгранае амэрыканцам спаборніцтва ніхто нічога ня ведаў.
«СССР прайграваў Злучаным Штатам у эканоміцы, таму спрабавалі паказаць сябе ў тых галінах, дзе былі лепшымі, — кажа Ўладзімер Глод. — У першую чаргу гэта быў спорт, балет і космас. Першым чалавекам у космасе быў усё ж Юры Гагарын. Але тады, у 1969 годзе, ніхто з нас нічога ня ведаў пра падрыхтоўку палёту на Месяц, якая вялася ў ЗША і ў СССР. Нас усіх паставілі ўжо перад фактам, што чалавек там».
Відэа першых крокаў чалавека па Месяцы, 21 ліпеня 1969 году
Спаборніцтва за Месяц паміж СССР і ЗША разгарэлася неўзабаве пасьля палёту Юрыя Гагарына, калі стала зразумела, што саветы апярэдзілі амэрыканцаў. Вядома, што прэзыдэнт Кенэдзі нават прапаноўваў Хрушчову распрацаваць праграму разам, але савецкі лідэр адмовіўся. Неўзабаве Джона Кенэдзі забілі ў Даласе. ЗША і СССР пачалі распрацоўваць неабходныя для палёту на Месяц ракеты паасобку. Савецкая цяжкая ракета «Н-1» так і не ўзьляцела. Амэрыканская «Сатурн V» даставіла на Месяц сем экспэдыцый (толькі місія «Апалён 13» не змагла зрабіць пасадку).
«У Савецкім Саюзе ўвогуле нічога не гаварылі пра тое, што чалавек, магчыма, хутка высадзіцца на Месяц, — расказвае Ўладзімір Глод. — Калі амэрыканцы яшчэ маглі апублікаваць нейкія падрабязнасьці падрыхтоўкі, то ў СССР зусім нічога не асьвятлялі. Усё, што публікавалася, паходзіла з ТАСС. Усе паведамленьні адтуль былі, і яны ўжо разыходзіліся па ўсіх іншых СМІ. Свае праекты савецкія ўлады ніколі не анансавалі. Было так — спачатку зробім, потым скажам. Бо калі ня зробім, то што тады скажаш?»
У адрозьненьне ад уласных няўдач («Н-1» з чатырох запускаў так і не змагла выйсьці на арбіту), посьпехі амэрыканцаў замаўчаць было складана. Таму інфармацыю пра высадку Армстранга і Олдрына на паверхню Месяца ў СССР апублікавалі. Праўда, з асаблівасьцямі.
«Пасьля таго як стала вядома пра высадку амэрыканцаў, генэральная лінія была простая, — узгадвае Ўладзімер Глод. — Гаварылася, што Месяц — гэта, канечне, важна, але першы палёт чалавека ў космас усё ж мае большае значэньне. А падрабязнасьцяў палётаў не раскрывалі. Каб людзі раптам не пачалі параўноўваць дасягненьні абедзьвюх дзяржаў у космасе».
Па ўспамінах Уладзімера Глода, навіну пра першую высадку чалавека на Месяц людзі вакол яго ўспрынялі суха. У канцы 60-х у савецкім грамадзтве не было прынята захапляцца посьпехамі ідэалягічных ворагаў.
«Ці абмяркоўваў я са сваімі сябрамі гэта? Пабойваліся мы тады посьпехі амэрыканцаў абмяркоўваць, — узгадвае Ўладзімір Глод. — Калі шчыра гаварыць. Невядома, як адрэагуе чалавек. Скажаш, што амэрыканцы на Месяцы высадзіліся, што яны лепшыя. Потым накруціць хтосьці наверх, свайго дадасьць, і ўсё. Гэта быў 1969 год, толькі мелі месца падзеі 1968 году ў Чэхаславаччыне. Адносіны паміж краінамі былі напружаныя».
«Асабіста для мяне гэта было вялікае шчасьце»
Будучаму адзінаму кандыдату ад дэмакратычнай апазыцыі на выбарах 2006 году Аляксандру Мілінкевічу ў канцы ліпеня 1969 году толькі-толькі споўнілася 22. Мілінкевіч расказвае, што за палётам «Апалёна 11» меў магчымасьць сачыць ня толькі праз публікацыі ў савецкіх газэтах.
«У ліпені 1969 году я акурат быў выпускніком унівэрсытэту, толькі што скончыў ВНУ, — узгадвае Аляксандар Мілінкевіч. — Жыў у Горадні, і ў нас было такое шчасьце, як польскае тэлебачаньне. Яно Крамлю не падпарадкоўвалася. Палякі даволі шмат расказвалі пра высадку амэрыканцаў на Месяц, паказвалі яе. І таму мы ведалі пра ўсё ў падрабязнасьцях. Радаваліся, шчасьлівыя былі. Асабіста для мяне гэта была падзея ня меншая, чым палёт Гагарына. Сапраўды небывалая падзея, сапраўднае касьмічнае падарожжа».
Як і Ўладзімер Глод, Аляксандар Мілінкевіч быў моцна зьдзіўлены навінамі зь Месяца. Ён расказвае, што, нават будучы студэнтам-фізыкам, нічога ня ведаў пра падрыхтоўку палёту.
«Поўная нечаканасьць, — кажа Аляксандар Мілінкевіч. — Нейкіх анонсаў гэтага палёту не было. Відаць, таму, што розныя сытуацыі бываюць, непрадказальныя і нечаканыя. Атрымалася, што раптам раз — і ёсьць. І чалавек на Месяцы».
Як расказвае Мілінкевіч, фізыкай ён зацікавіўся на пачатку 60-х, неўзабаве пасьля палёту Юрыя Гагарына. Паўплываў на яго і брат, які працаваў настаўнікам фізыкі ў школе. Разам зь ім яны рабілі антэны для тэлевізараў, якія дазвалялі глядзець польскае тэлебачаньне. Пазьней менавіта дзякуючы такой антэне Мілінкевіч змог пабачыць першыя крокі Ніла Армстранга па Месяцы.
«Асабліва для мяне гэты палёт стаў радасьцю, я быў фізыкам, зьбіраўся паступаць у асьпірантуру, — узгадвае Аляксандар Мілінкевіч. — Фізыка ў той час была вельмі прэстыжнай навукай, ёй усе захапляліся, у тым ліку і дзякуючы касьмічным палётам. І для гэтай навукі, якой я зьбіраўся прысьвяціць жыцьцё, палёт „Апалёна 11“ быў посьпехам. Яе аўтарытэту палёт амэрыканцаў на Месяц паспрыяў калясальна».
Пасьля «Апалёна 11» яшчэ шэсьць амэрыканскіх экіпажаў накіраваліся на Месяц. Мэты дасягнулі пяць, місія «Апалён 13» скончылася няўдачай. Экіпаж вярнуўся на Зямлю, абляцеўшы Месяц, але ня высадзіўшыся на ім. Апошні раз чалавек быў на Месяцы ў сьнежні 1972 году.