Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім 18 ліпеня накіравала на разгляд у Міністэрства юстыцыі і Міністэрства ўнутраных спраў законапраект «Аб прыпыненьні выкананьня пакараньня ў выглядзе сьмяротнай кары», паведамляе БелаПАН.
Паводле Анісім, дакумэнт зьмяшчае ўсяго два артыкулы:
- У першым гаворыцца аб прыпыненьні дзеяньня арт. 175 Крымінальна-выканаўчага кодэксу аб выкананьні сьмяротных прысудаў да моманту, пакуль гэтая мера пакараньня ня будзе цалкам скасаваная.
- Другі артыкул прадугледжвае накіраваньне асобаў, у дачыненьні да якіх ужо вынесены сьмяротны прысуд, у папраўчыя калёніі, дзе іх павінны ўтрымліваць у тых жа ўмовах, што і асуджаных да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Як паведаміла дэпутатка, асноўны распрацоўнік законапраекту пажадаў застацца ананімным, а ёй было дадзена права выступаць ад яго імя. Але працаваць над законапраектам дапамагаў у тым ліку яе памочнік, які ўдакладняў некаторыя моманты ў законапраекце, а таксама юрысты з парлямэнцкай камісіі адукацыі і культуры.
Паводле Анісім, законапраект накіраваны ў Мінюст і МУС для азнаямленьня і каб міністэрствы выказалі сваю пазыцыю да яго як найбольш зацікаўленыя і заангажаваныя ў гэтай справе міністэрствы.
«Але гэта ня значыць, што я яго ня буду прасоўваць далей, калі гэтыя міністэрствы выкажуць нейкія заўвагі. Я проста пагляджу, што трэба ўлічыць, але буду рухаць яго далей», — дадала дэпутатка.
Пасьля адказу зь міністэрстваў Анісім хоча прааналізаваць іх; калі трэба, адкарэктаваць законапраект, а пасьля ўнесьці у Палату прадстаўнікоў з прапановай разгледзець на восеньскай сэсіі.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).