Ва Ўкраіне зноў рэабілітуюць рэпрэсаваных у СССР. Першым стаў ваяр УПА

Ілюстрацыйнае фота. Падчас ушанаваньня памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій на тэрыторыі нацыянальнага гісторыка-мэмарыяльнага запаведніка «Быкаўнянскія магілы». Быкоўня, 19 траўня 2019 году

Нацыянальная камісія Ўкраіны ў пытаньнях рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій камуністычнага рэжыму 1917–1991 гадоў выбрала сваё кіраўніцтва і разгледзела першыя 50 зваротаў сваякоў і грамадзян, якія ў той час былі незаконна асуджаныя.

«Сёньня мы пачынаем вялікую працу, якая зьяўляецца важным крокам. Згодна з новым законам, тысячы змагароў за свабоду, якія былі забітыя, дэпартаваныя, асуджаныя паводле палітычных артыкулаў, маюць магчымасьць аднавіць гістарычную справядлівасьць, абараніць гонар і годнасьць, аднавіць правы і свабоды. Сёньня мы сабраліся, каб пачаць гэты працэс рэабілітацыі. Па-новаму», — сказала першая намесьніца кіраўніка Ўкраінскага інстытуту нацыянальнай памяці Аліна Шпак на першым пасяджэньні камісіі ў Кіеве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне абвясьцілі рэабілітацыю рэпрэсаваных у часы СССР. Закране і беларусаў

Першым камісія рэабілітавала 90-гадовага Івана Мірона з Закарпацьця, які адседзеў у лягерах ГУЛАГу 25 гадоў, не скарыўшыся і адмовіўшыся прасіць аб памілаваньні. Ён быў асуджаны ў 1951 годзе за «дзяржаўную здраду» — Іван Мірон адмовіўся служыць у Чырвонай Арміі і далучыўся да падпольля АУН і Ўкраінскай паўстанцкай арміі (УПА), якія ў той час са зброяй у руках змагаліся з савецкай уладай. Прайшоў турмы і лягеры Харкава, Навасібірску, Краснаярску, браў удзел у Нарыльскім паўстаньні. Да арышту Іван Мірон працаваў настаўнікам у сельскай школе.

Новая хваля рэабілітацыі прадугледжана законам «Аб унясеньні зьменаў у некаторыя заканадаўчыя акты Ўкраіны аб паляпшэньні працэдуры рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій камуністычнага таталітарнага рэжыму 1917-1991 гадоў», які набыў моц у траўні 2018 году.

Нацыянальную камісію Ўкраіны ў пытаньнях рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій камуністычнага рэжыму 1917–1991 гадоў ачоліў гісторык Інстытуту гісторыі Ўкраіны Нацыянальнай акадэміі навук Раман Падкур, які дасьледуе гісторыю дзяржаўнага тэрору савецкай эпохі. Ягоным намесьнікам стаў дырэктар Галіновага дзяржаўнага архіву Службы бясьпекі Ўкраіны Андрэй Когут.