FaceApp адказаў на прэтэнзіі сэнатара з ЗША: фота ў Расею не перадаюць

Фота Ўладзіміра Пуціна, адрэдагаванае ў FaceApp празь фільтар «старасьць»

Яраслаў Ганчароў, заснавальнік кампаніі, якая распрацавала мабільную праграму FaceApp, у інтэрвію Forbes адказаў на прэтэнзіі старшыні дэмакратаў у Сэнаце ЗША Чака Шумэра.

FaceApp перажывае другую хвалю папулярнасьці: з дапамогай праграмы многія карыстальнікі сацыяльных сетак «састарваюць» або «малодзяць» свае фота, «мяняюць пол» або іначай упрыгожваюць здымкі. Каб зрабіць гэта, трэба даць праграме доступ да сваіх фота.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму ўсе пачалі «старыць» сябе ў сацсетках і што такое FaceApp

Паводле стваральніка, сэрвэры праграмы знаходзяцца не ў Расеі — пераважна ў Амэрыцы. Forbes праверыў зьвесткі хостынгаў, гэта падобна да праўды. Але FaceApp (як і многія іншыя мабільныя праграмы) просіць дазвол доступу да фота на апараце, распрацоўшчыкі (якія знаходзяцца ў расейскім Санкт-Пецярбургу) тэарэтычна могуць самі праглядаць здымкі карыстальніка.

Ганчароў кажа, такога не бывае, ды й праграма не аналізуе ўсе фота на апараце карыстальніка, а адсылае на сэрвэр толькі тое, што сам ён выбраў.

«Мы можам захаваць запампаванае фота ў воблаку, — тлумачыць Ганчароў. — Галоўнай прычынай гэтага ёсьць прадукцыйнасьць і трафік: мы хочам пераканацца, што карыстальнік не запампоўвае фота паўторна для кожнай апэрацыі рэдагаваньня. Большасьць выяў выдаляюцца з нашых сэрвэраў цягам 48 гадзінаў з даты запампоўкі».

Ён дадае, што FaceApp не перадае зьвестак трэцім кампаніям, а карыстальнік можа папрасіць выдаліць усе здымкі, што захоўваюцца на сэрвэры, праз налады і кнопку «report a bug», пазначыўшы ў тэме паведамленьня слова «privacy».

У сераду кіраўнік дэмакратаў у Сэнаце ЗША Чак Шумэр заклікаў Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў і Федэральную гандлёвую камісію ЗША правесьці расьсьледаваньне адносна FaceApp у «пляне нацыянальнай бясьпекі і абароны прыватнага жыцьця». Шумэр заявіў, што праграма патрабуе ад карыстальнікаў даць «поўны і не падлеглы скасаваньню доступ да іх асабістых фота і зьвестак», што можа ўяўляць «пагрозу для нацыянальнай бясьпекі і прыватнасьці жыцьця для мільёнаў амэрыканскіх грамадзянаў».

Таксама ад выкарыстаньня FaceApp засьцерагаў упаўнаважаны ўраду Нямеччыны ў пытаньнях абароны зьвестак Ульрых Кэльбэр: маўляў, ёсьць падставы меркаваць, што «важныя пэрсанальныя зьвесткі могуць трапіць ня ў тыя рукі».