Дэпутатка Канапацкая заклікала дэнансаваць дамову аб «саюзнай дзяржаве»

Ганна Канапацкая

Паводле дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай, дамова аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» цалкам вычарпала сябе, так і не дасягнуўшы задэкляраваных амаль 20 гадоў таму мэтаў. Пра гэта Канапацкая напісала ў сябе ў «Фэйсбуку».

На думку дэпутаткі, міждзяржаўнае супрацоўніцтва сёньня пасьпяхова і цалкам забясьпечваецца двухбаковымі пагадненьнямі паміж Беларусьсю і Расеяй, а больш шырокае эканамічнае супрацоўніцтва паміж краінамі рэалізуецца ў рамках ЭАЭС.

«Я як суб’ект права заканадаўчай ініцыятывы магу ўнесьці праект адпаведнага закону аб скасаваньні дамовы, але для гэтага мне патрэбна ваша падтрымка. Рашэньне ў любым выпадку будзе прымацца Нацыянальным сходам. Для выключэньня існых і магчымых іншых, у першую чаргу палітычных, рызык для нашай краіны, Дамова аб стварэньні саюзнай дзяржавы павінна быць дэнансаваная», — напісала Ганна Канапацкая і заклікала ўсіх, хто падтрымлівае гэтую пазыцыю, падпісаць адпаведную пэтыцыю.

Пэтыцыя створаная раней на сайце Change.org. На момант публікацыі пад ёй ужо падпісаліся больш за тры тысячы чалавек.

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін на перамовах 18 ліпеня, мяркуецца, будуць абмяркоўваць пытаньні «паглыбленьня інтэграцыі». Перад сустрэчай міністар эканомікі Беларусі расказаў, што канцэпцыі прапановаў для перамоваў «у прынцыпе» ўзгодненыя, але «ёсьць розныя варыянты вырашэньня асобных пытаньняў».

У дзень, калі Лукашэнка паляцеў на сустрэчу з Пуціным, у МЗС Беларусі заявілі, што Беларусь удзельнічае ў інтэграцыйных структурах «пры строгім захаваньні сувэрэнітэту і самастойнасьці прыняцьця рашэньняў», а палітыка Менску «накіраваная на забесьпячэньне шматвэктарнай палітыкі з улікам паўнавартаснай працы з асноўнымі замежнымі партнэрамі».

Аналітыкі адзначаюць, што ўжо больш як тры месяцы афіцыйныя Менск і Масква ў глыбокай сакрэтнасьці абменьваюцца дакумэнтамі аб пэрспэктывах двухбаковых дачыненьняў. Але іхны зьмест зьяўляецца дзяржаўнай тайнай, абодва бакі ўсяляк утойваюць іх ад грамадзкасьці.

Рэалізацыя дамовы аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году, у тым ліку агульныя валюта, суд і мытня — менавіта тое, што ў канцы мінулага году прапаноўваў расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў. Той шэраг прапановаў стаў вядомы як «ультыматум Мядзьведзева». Лукашэнка жорстка адмовіў: казаў, «шантажаваць марна», а такога, каб Беларусь «падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею», ніколі ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пра перамовы з Пуціным: Няма чаго абмяркоўваць на сёньняшні дзень
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін заявіў пра адсутнасьць плянаў аб’яднаньня Расеі і Беларусі і паўтарыў сваю думку пра «адзіны народ»