На АЭС у Расеі адбылося кароткае замыканьне. Станцыю адключылі

Калінінская АЭС

На Калінінскай атамнай электрастанцыі ў Цьвярской вобласьці Расеі адключылі тры энэргаблёкі з чатырох з прычыны кароткага замыканьня, піша ТАСС. Пашкоджаньняў абсталяваньня на самой станцыі няма.​

Калінінская АЭС знаходзіцца ў амаль 360 кілямэтрах ад беларуска-расейскай мяжы каля гораду Ўдомля. Электрастанцыю ўвялі ў эксплюатацыю ў траўні 1984 году. Агульная магутнасьць чатырох энэргаблёкаў АЭС — 4000 мэгават.

Што адбылося?

Першы, другі і чацьвёрты энэргаблёкі адключылі дзеяньнем абароны а 5.02 паводле маскоўскага часу. Сумарнае заніжэньне працоўнай магутнасьці станцыі ў выніку склала 3 ГВт.

Ніякіх наступстваў для спажыўцоў электраэнэргіі пасьля спыненьня блёкаў не назіраецца. Падачу электрычнасьці аднавілі за кошт рэзэрваў.

Энэргаблёкі адлучыліся ад сеткі з прычыны адключэньня лініі электраперадачы, якое адбылося ў выніку кароткага замыканьня на адным з выключальнікаў трансфарматара, піша ТАСС са спасылкай на «Росэнергоатом».

Паводле канцэрну, адключэньне энэргаблёкаў ад сеткі не зьвязана з працай асноўнага абсталяваньня станцыі.

У дыспэтчарскай службе станцыі адзначылі, што чацьвёрты блёк адключылі з прычыны прарыву ўшчыльняльніка кандэнсатара турбіны № 2.

Ці зьмяніўся радыяцыйны фон?

У Расеі радыяцыйны фон знаходзіцца ў норме.​

Радыяцыйны фон у параўнаньні з 17 ліпеня павялічыўся толькі ў Віцебску на 1 мікрарэнтген у гадзіну і склаў 11 мікрарэнтген у гадзіну, сказаў Свабодзе дзяжурны сыноптык Белгідрамэту. Аднак, паводле яго, з практыкі шматгадовых вымярэньняў, перавышэньні радыяцыйнага фону да 20 мікрарэнтген у гадзіну не выклікаюць асьцярогі. У іншых населеных пунктах Віцебшчыны радыяцыйны фон не зьмяніўся – 10 мікрарэнтген у гадзіну.

Калі энэргаблёкі падключаць да сеткі?

Паводле ТАСС, тры адключаныя энэргаблёкі могуць падлучыць да сеткі 19 ліпеня. Гэта адбудзецца пасьля высьвятленьня прычын інцыдэнту на станцыі.