Нацыянальная паліцыя Ўкраіны паведаміла, што правяла службовае расьсьледаваньне пасьля забойства 5-гадовага Кірыла Тлявова, і па яго выніках дванаццаць супрацоўнікаў праваахоўных органаў у Пераяслава-Хмяльніцкім каля Кіева прыцягнулі да адказнасьці, а шасьцёра былі звольненыя.
«Па выніках паліцэйскага расьсьледаваньня прыцягнутыя да адказнасьці 12 супрацоўнікаў паліцыі. Зь іх 6 кіраўнікоў раённага аддзела паліцыі звольненыя з пасадаў. Кіраўнікі ўпраўленьня прэвэнтыўнай дзейнасьці прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасьці», — гаворыцца ў паведамленьні паліцыі.
Пяцігадовы Кірыл загінуў 31 траўня ў двары дома ў Пераяслава-Хмяльніцкім, дзе жыла ягоная сям’я. Паводле вэрсіі сьледзтва, дзіця атрымала сур’ёзнае раненьне ў галаву, бо два супрацоўнікі Нацыянальнай паліцыі ў той дзень пілі алькаголь у двары прыватнага сэктару і стралялі па бляшанках і іншых прадметах.
Празь некалькі дзён пасьля раненьня Кірыл памёр у бальніцы. Ягоная сьмерць прывяла да масавых пратэстаў супраць дзеяньняў паліцыі па ўсёй Украіне і да патрабаваньняў адстаўкі кіраўнікоў Нацпаліцыі і Міністэрства ўнутраных спраў. Асаблівае абурэньне выклікала тое, што адзін з магчымых стралкоў, Уладзімір Петравец, у 2015 годзе не прайшоў неабходную атэстацыю і быў звольнены з паліцыі. Але ў студзені 2018 году судзьдзя Акруговага адміністрацыйнага суду Кіева Дзмітрый Кастэнка аднавіў паліцэйскага на пасадзе і вярнуў яму паўнамоцтвы і зброю.
Кіеўскі суд 4 чэрвеня арыштаваў на два месяцы без магчымасьці ўнясеньня закладу паліцыянтаўх Івана Прыходзьку і Уладзіміра Петраўца. Сьледзтва абвінаваціла абодвух у наўмысным забойстве, але, па словах адваката Прыходзькі, у ягонага кліента не было намераў забіваць хлопчыка. Адвакат Петраўца таксама заявіў, што абвінавачваньне ня мае доказаў, што менавіта ягоны падабаронны зрабіў фатальны стрэл.