Экс-прэзыдэнт Эквадору Рафаэль Карэа заявіў, што заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж умешваўся ў прэзыдэнцкія выбары ЗША ў 2016 годзе з амбасады Эквадору ў Лёндане, дзе ён хаваўся да затрыманьня сёлета.
«Мы заўважылі, што ён [Асанж] умешваўся ў выбары, і мы гэтага не дазволім, таму што ў нас ёсьць прынцыпы, вельмі выразныя каштоўнасьці, бо мы не хацелі б, каб нехта ўмешваўся ў нашы выбары, — сказаў Карэа. — Мы не зьбіраемся дапускаць, каб гэта адбылося зь іншай краінай і такім сябрам, як ЗША».
Карэа даў палітычны прытулак Асанжу ў 2012 годзе ў лёнданскім пасольстве Эквадору, каб той пазьбегнуў выдачы ў Швэцыю па абвінавачваньнях у сэксуальным гвалце, якія Асанж адмаўляе. Карэа быў прэзыдэнтам Эквадору з 2007 па 2017 год і зрабіў сабе імя аднаго зь вядучых антаганістаў ЗША ў Лацінскай Амерыцы. Прыходу да ўлады былога эквадорскага прэзыдэнта дапамагла ягоная жорсткая рыторыка супраць ЗША. Карэа падтрымаў Асанжа пасьля таго, як на партале WikiLeaks апублікавалі сакрэтныя матэрыялы Пэнтагону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самы знакаміты наркабарон сьвету атрымаў пажыцьцёвае зьняволеньнеКамэнтары Карэа зьявіліся на наступны дзень пасьля таго, як у CNN апублікавалі эксклюзіўны даклад, у якім апісваецца, як Асанж ператварыў пасольства Эквадора ў камандны цэнтар і арганізаваў шэраг выкрыцьцяў, якія ўзрушылі прэзыдэнцкую кампанію 2016 года ў Злучаных Штатах.
У дакладзе прыводзяцца сотні дакумэнтаў, якія падрабязна сьведчаць пра справы Асанжа ў амбасадзе. У дакумэнтах апісваецца, як Асанж сустракаўся з расейцамі і хакерамі сусьветнага ўзроўню, а таксама набываў магутнае вылічальнае і сеткавае абсталяваньне, каб палегчыць перадачу інфармацыі за некалькі тыдняў да таго, як WikiLeaks атрымала матэрыялы ад расейскіх хакераў.
«Апраўданьне WikiLeaks заключалася ў тым, што яны давалі праўдзівую інфармацыю, — сказаў Карэа ў інтэрвію CNN. — Вядома ж, але гэта было толькі пра Гілары Клінтан. Не пра [Дональда] Трампа. Такім чынам, яны не казалі ўсю праўду. А не гаварыць усёй праўды называецца маніпуляцыяй. І мы гэтага не дазволім».
Асанж адмаўляе, што працаваў ад імя Крамля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былога прэзыдэнта Пэру арыштавалі ў ЗША праз абвінавачваньне ў карупцыі- Аўстраліец Джуліян Асанж заснаваў сайт WikiLeaks у 2006 годзе. У 2009 годзе, паводле матэрыялаў суду, ён папрасіў інтэрнэт-карыстальнікаў падзяліцца зь ім сакрэтнай інфармацыяй, зьвязанай зь дзейнасьцю ўладаў ЗША.
- Брэдлі Мэнінг, які ў той момант служыў у Іраку ў вайсковай выведцы, адгукнуўся на гэтую просьбу і перадаў Асанжу базы дадзеных, у якіх было 90 тысяч справаздач аб вайне ў Аўганістане, каля 400 тысяч справаздач пра вайну ў Іраку, 800 аналітычных запісак аб рабоце Гуантанама, а таксама 250 тысяч тэлеграм Дзярждэпартамэнту. Тысячы гэтых дакумэнтаў пасьля былі апублікаваныя на партале.
- У ЗША за гэта на Асанжа завялі справу ў сувязі з выцекам сакрэтных дадзеных. ЗША дамагаюцца выдачы аўстралійца ўжо некалькі гадоў.
- Мэнінг (які да таго часу зьмяніў пол і імя на Чэлсі) асудзілі да 7 гадоў зьняволеньня за яе ролю ў скандале зь WikiLeaks. Барак Абама, незадоўга да таго, як пакінуў пасаду прэзыдэнта ЗША, памілаваў яе.
- У 2012 годзе Асанж схаваўся ў амбасадзе Эквадора ў Лёндане, каб пазьбегнуць выдачы ў Швэцыю па абвінавачаньні ў згвалтаваньні. У красавіку эквадорскія ўлады пазбавілі Асанжа прыстанішча і выдалі брытанскім уладам. Цяпер ён адбывае ў брытанскай турме тэрмін 50 тыдняў за парушэньне ўмоваў вызваленьня пад заклад. Акрамя таго, суд разглядае справу аб ягонай экстрадыцыі ў ЗША. Пра намер патрабаваць выдачы Асанжа таксама заявіла Швэцыя.