Канстанцін і Максім працавалі ў Менску як кансультанты кампаніі «Пиро-Росс». Да вырабу прадукцыі дачыненьня ня мелі. У самой кампаніі «Пиро-Росс» цяпер ідзе пракурорская праверка.
У справе аб выбуху салютнай устаноўкі ў Менску, у выніку якога загінула адна жанчына і яшчэ 10 чалавек атрымалі раненьні, затрымалі двух грамадзян Расеі. Амбасада Расеі ў Беларусі паведаміла, што двум грамадзянам Расеі выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 299 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь («парушэньне правілаў абыходжаньня з выбуховымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, якое пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека»), што прадугледжвае ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двум расейцам выставілі абвінавачаньні за «крывавы салют» у МенскуТаксама ў гэтай справе двое падазраваных. Ці грамадзяне Расеі гэтыя падазраваныя, у Сьледчым камітэце Свабодзе не адказалі. Глядзім, што вядома пра дваіх расейцаў, затрыманых у Менску.
Як паведамляе «Московский комсомолец» гэта 28-гадовы Канстанцін Дзянісаў і 25-гадовы Максім Сапронаў, інжынэры-канструктары. Іх накіравала ў Менск кампанія — вытворца салютаў, каб сачылі за дастаўкай грузу і запускам.
Ня мусілі ехаць у Беларусь
Паводле дырэктара вытворчасьці «Пиро-Росс» Канстанціна Шапавалава, ні Канстанцін, ні Максім наогул не павінны былі ехаць у Беларусь.
«Іх там не павінна было быць. Іх адправілі проста ад таварыскага стаўленьня. Што тычыцца абвінавачаньняў у тым, што прадукцыя няякасная, то пра гэта можна будзе гаварыць толькі пасьля правядзеньня комплекснай экспэртызы», — казаў Шапавалаў.
Затрымалі раніцай 4 ліпеня
Інжынэраў «Пиро-Росс» затрымалі раніцай 4 ліпеня. Гэта вядома з SMS-паведамленьня, якое Канстанцін Дзянісаў даслаў сваёй маці. Каб абараняць затрыманых у Менску, кампанія накіравала свайго юрыста. Паведамляецца, што расейскіх інжынэраў пасьля затрыманьня дапытвалі каля 12 гадзін.
Бацькі затрыманых, як паведамляюць расейскія СМІ, знаходзяцца ў шокавым стане. Яны ўзрушаныя тым, што інфармацыя пра сыноў прыходзіць з навінаў і СМІ, а самі яны нічога даведацца ня могуць.
Свабода зьвярнулася па камэнтар у «Пиро-Росс», дзе адказалі, што «цяпер кіраўніцтва занятае, бо ідзе пракурорская праверка. Без камэнтароў».
У Сьледчым камітэце Беларусі не ўдакладнілі, ці зьвязаная расейская праверка кампаніі з падзеямі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьледчыя назвалі чатыры вэрсіі здарэньня з салютам у МенскуПрацавалі на «Пиро-Росс» некалькі гадоў
Максім Сапронаў працуе на расейскую кампанію па вырабе салютаў каля 3 гадоў. Дагэтуль ён скончыў інстытут машынабудаўніцтва. Ягоны напарнік Канстанцін Дзянісаў уладкаваўся на завод на 3 гады раней. Ён скончыў фінансавую акадэмію.
У сацыяльных сетках абодва не былі асабліва актыўнымі. Профілі закрытыя, сяброў мала. Свабода зьвязалася зь іншымі работнікамі «Пиро-Росс», яны пра лёс затрыманых нічога ня ведаюць. Вядома таксама, што завесьці свае сем’і абодва затрыманыя яшчэ не пасьпелі.
Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.