На помнік Алесю Адамовічу не хапае 900 рублёў

Макет бюста Алеся Адамовіча

Іх зьбіраюць на пастамэнт. Пра гэта сказаў лідэр кампаніі за ўшанаваньне пісьменьніка Андрусь Архіпенка.

Бюст паставяць на малой радзіме Алеся Адамовіча (1927–1994) у пасёлку Глуша ў Бабруйскім раёне. Дазвол на ўсталяваньне ад улады атрымалі. Плянавалася адкрыць помнік падчас фэсту «Глушанскі хутарок».

У сацыяльных сетках актыўна распаўсюджваюць інфармацыю пра збор грошай, у тым ліку заснавальнік парталу tut.by Юры Зісер.

На бюст аўтарства Гэніка Лойкі і Яўгена Білея ў 2018-м сабралі каля шасьці тысяч даляраў.

«У нас засталося прыблізна паўтара месяцы, каб усё зрабіць. Для пастамэнту выбралі самы танны з матэрыялаў — чорны карэльскі граніт», — кажа Андрусь Архіпенка.

Калі спалучыць адкрыцьцё бюста з фэстам, то не давядзецца аплачваць паводле новага парадку паслугі міліцыі, мэдыкаў і камунальнікаў. У Глушанскім сельсавеце Свабодзе сказалі, што дата правядзеньня фэсту яшчэ ня вызначаная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 нечаканых фактаў пра Алеся Адамовіча. Сёньня яму споўнілася б 90 гадоў

На радзіме Адамовіча мусіць быць яшчэ і музэй

Бюст часова паставяць ля пасялковага Дому культуры. Калі ж у будынку старой аптэкі адкрыецца музэй Адамовіча, то бюст перанясуць да яго. На стварэньне музэю таксама зьбіраюць грошы.

У 2016 годзе гаварылася, што на рамонт будынка, які два дзясяткі гадоў пуставаў і цяпер у аварыйным стане, патрабуецца каля мільярда рублёў (53 тысячы даляраў). 5 тысяч даляраў, якія ахвяравала нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, складаюць больш як 90 адсоткаў ад усёй сабранай на дабрачынны рахунак сумы.