Сланечнікі з данбаскага поля. У Нідэрляндах саджаюць кветкі ў памяць аб загінулых на рэйсе MH17

sunflowers videograb

Напярэдадні пятай гадавіны крушэньня Boeing 777 у нідэрляндзкім горадзе Гільвэрсуме на цьвінтары сьвятар і бургамістар саджаюць сланечнікі, паведамляе «Настоящее время». Ярка-жоўтыя кветкі вырасьцілі з данбаскага насеньня, узятага з поля, на якое паваліліся абломкі зьбітага лайнэра. Пяць гадоў таму ў небе над Данбасам загінулі 15 жыхароў гэтага гораду.

​У Гільвэрсуме жыве 90 тысяч чалавек, усе адзін аднаго ведаюць. «Празь пяць гадоў мы ўсё яшчэ перапоўненыя смуткам», — кажа мэр Гільвэрсума Пітэр Брэйртэс.

У мясцовай царкве заўсёды на бачным месцы ляжыць кніга смутку. Айцец Юльюс Дрэсмэ запальвае 15 сьвечак. Калі адбылася катастрофа, ён быў у ад’ездзе, але, пачуўшы навіны пра трагедыю, неадкладна вярнуўся ў горад.

«Я адчуў моцны холад у той момант. І як быццам нешта сказала мне: я павінен ехаць дадому. Я ня ведаю, чаму, але я павінен ехаць дадому. У той момант яшчэ не было зразумела, што так шмат людзей з Гільвэрсуму загінула», — успамінае пастар царквы Сьвятога Віта Юльюс Дрэсмэ.

Юльюс Дрэсмэ

У наступныя дні ў храм штодня прыходзілі тысячы людзей, расказвае Юльюс. Ён ніколі раней ня бачыў столькі гора. Гараджане аб’ядналіся ў скрусе і ў жаданьні дапамагчы адно аднаму.

«Было шмат цеплыні і увагі. І так шмат было людзей, якія спрабавалі хоць нешта зрабіць. А яшчэ было вельмі шмат сланечнікаў, як напамін пра месца трагедыі», — кажа пастар.

З тых часоў сланечнікі зьявіліся ня толькі перад царквой, але і на клюмбах на скрыжаваньнях, перад вакзалам, нарэшце, і ў самым цэнтры гораду перад ратушай. Тут жа і манумэнт — таксама сланечнікі, адлітыя зь медзі.

Томас Схансман, бацька загінулага ў катастрофе 18-гадовага Кўіна, паказвае на медныя кветкі: «Вось тут Кўін, адзін. Вось тут двое дзяцей зь іхнымі бацькамі. Вось гэтыя двое — гэта пажылая пара. І вось тут вы бачыце сям’ю з пяці чалавек — трое дзяцей і іхныя бацькі». Кожная кветка сымбалізуе загінулага на Боінгу МН17.

Менавіта Томасу Схансману аўстралійскі журналіст перадаў насеньне сланечнікаў, якія цяпер захапілі Гільвэрсум. Ужо некалькі гадоў ён жыве ў Нью-Ёрку, але кожнае лета ў ліпені прыяжджае сюды, каб ушанаваць памяць сына. З-за акіяна ён працягвае сачыць за ходам расьсьледаваньня катастрофы і чакае, калі і Ўкраіна, і Расея прызнаюць адказнасьць за трагедыю.

Томас Схансман

«Абедзьве краіны нясуць адказнасьць за МН17. Хоць прасіць урад Украіны прызнаць адказнасьць за тое, што не закрылі паветраную прастору, ня мае нічога агульнага з адказнасьцю расейцаў за забойства 298 чалавек, — лічыць Томас Схансман. — Але гэтыя дзьве рэчы для мяне важныя і сёньня, праз пяць гадоў».

У Гільвэрсуме добра ведаюць апошнія навіны пра расьсьледаваньне катастрофы, ведаюць і пра першыя прад’яўленыя абвінавачваньні. Пакуль у сьпісе толькі чатыры імі — трое былых расійскіх сілавікоў і адзін баявік з так званай «ДНР». У Нідэрляндах упэўненыя, што судовы працэс, які пачнецца ў сакавіку наступнага году, раскрые імёны ўсіх датычных да катастрофы.

У афіцыйнай вэрсіі сьледзтва, згодна з якой малайзійскі Boeing 777 быў зьбіты ракетай з расейскай устаноўкі «Бук», тут мала хто сумняваецца. Цяпер, акрамя прызнаньня палітычнай адказнасьці, у Гільвэрсуме чакаюць справядлівасьці і абяцаюць захоўваць памяць аб 15 загінулых гараджанах.

За гэтыя пяць гадоў спантанная ідэя вырошчваць сланечнікі стала традыцыяй, а сам кветка — ці не самым вядомым сымбалем гораду.