Беларускія сьледчыя выставілі абвінавачаньні двум грамадзянам Расеі ў справе аб выбухах салютных гарматаў, што адбыліся 3 ліпеня ў Менску, піша ТАСС са спасылкай на прэс-сакратара расейскай амбасады ў Беларусі Сяргея Агеева.
У камэнтары БелаПАН прэс-сакратар расейскай амбасады заявіў, што абвінавачаньне расейцам выставілі паводле ч.2 арт.299 КК РБ — «парушэньне правілаў абыходжаньня з выбуховымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, якое пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека», што прадугледжвае ад 2 да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Пазьней гэтыя зьвесткі пацьвердзілі БелТА ў Сьледчым камітэце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінабароны адмовілася ад тэхабслугоўваньня гарматаў «крывавага салюту», — прадстаўнік расейскага пастаўшчыкаЯк сьцьвярджае «РИА Новости», абвінавачаньне было выстаўленае «ў пятніцу» — пэўна, гаворка пра 12 ліпеня.
Раней паведамлялася, што затрыманыя расейцы — супрацоўнікі расейскай фірмы «Пиро-Росс», якая пастаўляла фаервэркі для салюту. Як сьцьвярджалі сьледчыя, яны «зьдзяйсьнялі мэханічны ўплыў на зарады піратэхнікі пры зарадцы мартыраў, не прадугледжанае правіламі».
Таксама неафіцыйна паведамлялася, што зьявіліся яшчэ два падазраваныя зь ліку беларускіх вайскоўцаў, але гэтых зьвестак беларускія сьледчыя не пацьвердзілі і не зьняпраўдзілі.
Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.