Свабода прапанавала шэрагу ўкраінскіх палітыкаў і экспэртаў выказаць свае меркаваньні аб тым, як Беларусь і яе лідэр паўплывалі на Ўкраіну за чвэрць стагодзьдзя прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.
- Портнікаў: Для ўкраінцаў, для якіх яшчэ недзе існуе Савецкі Саюз, гэтыя думкі асацыяваліся менавіта з Беларусьсю і з постацьцю Аляксандра Лукашэнкі
- Залішчук: Беларусь не падтрымала нашыя рэзалюцыі ў ААН, і гэта зрабіла, безумоўна, нэгатыўны ўплыў
- Собалеў: Тое, што Лукашэнка не дапусьціў рух расейскіх войскаў праз сваю тэрыторыю, было вельмі важным фактарам
- Емец: Калі б Беларусь пайшла ад Расеі, атрымала рэальную самастойнасьць і дэмакратыю, гэта больш пазытыўна ўплывала б на Ўкраіну
Віталь Портнікаў, публіцыст, палітоляг, палітычны аглядальнік украінскай службы Радыё Свабода:
— Я мяркую, што Беларусь у прынцыпе ніякага ўплыву на Ўкраіну не зрабіла. Але што на Ўкраіну магло паўплываць — і гэта паказвае ўся сацыялёгія — гэта міт аб лукашэнкаўскай Беларусі. Невыпадкова Аляксандар Лукашэнка на працягу дзесяцігодзьдзяў заставаўся самым папулярным палітыкам, апярэджваючы і ўкраінскіх прэзыдэнтаў і нават прэзыдэнта Расеі Пуціна, які займаў другі радок у гэтым рэйтынгу да пачатку ўкраінска-расейскай вайны.
Ну, а пасьля пачатку вайны Лукашэнка займаў бясспрэчнае першае месца. Украінцам падабалася ня столькі Беларусь як такая, колькі міт пра Беларусь, як пра спакойную, дзе ўсталяваны парадак, дзе людзям своечасова плацяць заробкі і пэнсіі, дзе працуюць дзяржаўныя прадпрыемствы. З улікам таго, што паводле той жа сацыялёгіі 73% украінцаў прытрымліваюцца лева-сацыялістычных, а прасьцей кажучы, «саўковых» поглядаў на эканоміку і жыцьцё, зразумела, што гэтая «саўковая» мадэль Беларусі магла падабацца гэтай большасьці былых савецкіх людзей, якія гэтак і ня вырасьлі з кароткіх штонікаў савецкага і постсавецкага інфантылізму.
Украінцы мала цікавяцца навакольным сьветам, яны толькі зараз пачалі езьдзіць за мяжу, большасьць зь іх не пакідала межы нават уласнай вобласьці, асабліва гэта тычыцца жыхароў усходніх і паўднёва-усходніх вобласьцяў нашай краіны, дзе Лукашэнка карыстаўся найбольшай папулярнасьцю. Дык вось для гэтых украінцаў, для якіх яшчэ недзе існуе Савецкі Саюз, думкі, што ва Ўкраіне можна было б такі ж СССР збудаваць, асацыяваліся менавіта з Беларусьсю і з постацьцю Аляксандра Лукашэнкі.
Сьвятлана Залішчук, дэпутат Вярхоўнай Рады, абіралася паводле сьпісаў «Блёку Пятра Парашэнкі», але потым выйшла з партыйнай фракцыі:
— Канешне, уплыў ёсьць, бо Беларусь — суседняя дзяржава, зь якой мы маем агульную мяжу. Пазыцыя Беларусі ў дачыненьні да Расеі, да антырасейскіх санкцый, да расейскай агрэсіі ва Ўкраіну, галасаваньне на розных міжнародных пляцоўках, пачынаючы ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый — усё гэта ўплыў і важны элемэнт зьнешняй палітыкі і геапалітыкі. Беларусь не падтрымала нашыя рэзалюцыі ў ААН, і гэта зрабіла, безумоўна, нэгатыўны ўплыў.
Апроч таго, у Беларусі праводзяцца трохбаковыя перамовы ў рамках менскага працэсу і пазыцыя Лукашэнкі ў гэтым працэсе таксама ўплывае і на пытаньні дэакупацыі, спыненьня вайны, вызваленьня нашых вайсковых палонных. На гэта, безумоўна, трэба зьвяртаць увагу. І я мяркую, што такая роля (Лукашэнкі) і застанецца. Мы працягваем удзел у менскім працэсе, і новы прэзыдэнт (Зяленскі) настроены на ўзмацненьне гэтага дыялёгу, хоча вярнуцца да «нармандзкага фармату». Мне хацелася б, каб Лукашэнка танчыў не пад дудку Крамля, і каб тыя рычагі шантажу, якія зараз Расея выкарыстоўвае ў дачыненьні да Беларусі — газавыя, крэдытныя, нафтавыя — не адыгралі ключавую ролю ў працэсе ўхваленьня рашэньняў Беларусьсю.
Сяргей Собалеў, намесьнік кіраўніка фракцыі партыі «Бацькаўшчына» у Вярхоўнай Радзе:
— Немагчыма ацэньваць такую асобу, як Лукашэнка, у адных танах — чорных, шэрых ці белых. Гэта вельмі складаная пэрсона, у якой ёсьць і пазытыўныя моманты. Як вядома, Расейская Фэдэрацыя не адважылася праз тэрыторыю Беларусі ўвесьці свае войскі ва Ўкраіну. Калі б адкрыўся яшчэ і гэты фронт, нам было б вельмі цяжка. І тое, што была прынцыповая пазыцыя Лукашэнкі, што ён не дапусьціць рух расейскіх войскаў праз сваю тэрыторыю, мяркую, было вельмі важным фактарам.
У той жа час менскія перамовы, на мой погляд, выканалі свае функцыі ўжо ў першы ж месяц, а далей было пустое марнаваньне часу, бо ключавыя палажэньні, замацаваныя ў менскіх дамоўленасьцях, ужо не выконваліся. Ці можна ў гэтым абвінавачваць Лукашэнку? Наўрад ці. Ён прадставіў пляцоўку, а дамоўленасьці на гэтай пляцоўцы — ужо іншае пытаньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларусаў у Эўропе раздражняе і што захапляеКалі абмяркоўваць пытаньні ўнутранай палітыкі, то тое, што Беларусь ня трапіла ў Раду Эўропы, непасрэдна ў Парлямэнцкую Асамблею і ў Камітэт міністраў — гэта страта для краіны, і ў гэтым, я мяркую, наўпроставая віна Лукашэнкі, які не пераступіў праз свае погляды і не скасаваў, як гэта зрабілі іншыя краіны эўрапейскага кантынэнту, сьмяротную кару. І ў гэтым пляне я лічу жудаснай сытуацыю ў Беларусі. Апроч таго, беларускія грамадзяне ня маюць магчымасьці зьвяртацца ў Эўрапейскі суд у правах чалавека — гэта страта ключавых прынцыпаў абароны правоў грамадзян краіны. Гэта, на маю думку, найбольшы пралік Лукашэнкі.
І што датычыць дэмакратыі, то яна ўмоўная і такая, што робіцца ўсё больш падобнай на пуцінскую дэмакратыю. У Беларусі не дазволілі разьвівацца дэмакратычнай апазыцыі, не далі магчымасьці разьвівацца свабоднай прэсе. Гэта ўсё адкідае краіну назад.
Леанід Емец, прадстаўнік фракцыі партыі «Народны фронт» у Вярхоўнай Радзе:
— Уплыў быў і ёсьць. Мы — краіны-суседзі, разам былі ў складзе Савецкага Саюзу. І на пачатку станаўленьня ўкраінскай дзяржавы сувязі былі вельмі шчыльныя. Тое, што адбывалася ў Беларусі, пэўным чынам адбівалася і на Ўкраіне, і калі б Беларусь пайшла ад Расеі, атрымала рэальную самастойнасьць і дэмакратыю, гэта больш пазытыўна ўплывала б на Ўкраіну. Замест гэтага ў Беларусі выйшаў нейкі аўтарытарны фармат, які потым, калі ўжо ўся апазыцыя была зьнішчаная, ператварыўся ў фармат гуманна-таталітарнага рэжыму. Мы абсалютна разумеем, што гэта вельмі далёка ад стандартаў дэмакратыі, якіх мы прагнем як цывілізаванае грамадзтва.
Якім можа быць уплыў, залежыць ад мноства фактараў: ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя ва Ўкраіне, як сытуацыя будзе разьвівацца за межамі Ўкраіны, на міжнароднай плятформе. Сёньня Беларусь спрабуе захаваць нэўтральную пляцоўку для дыялёгу, але мы разумеем, што Беларусь застаецца на баку Расеі, і праз гэтую прызму трэба ацэньваць сытуацыю.