21 ліпеня ва Ўкраіне адбудуцца пазачарговыя парлямэнцкія выбары, пасьля якіх завершыцца перафарматаваньне цэнтральнай улады.
Назіраць за імі запрошаныя 8 беларускіх грамадзян. Палова запрашэньняў прыпадае на Беларускі Хэльсынскі камітэт, сказаў Свабодзе супрацоўнік БХК Дзьмітры Чарных.
«Мы зьяўляемся сябрамі ENEMO (Эўрапейская сетка па назіраньні за выбарамі). Таму нам прапанавалі чатыры месцы ў складзе ейнай групы кароткатэрміновых назіральнікаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна за тыдзень да выбараў, якія завершаць зьмену ўлады: рэйтынгі і прагнозыНамесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Максім Місько будзе знаходзіцца ва Ўкраіне ў складзе назіральнай місіі АБСЭ.
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі атрымала ад сваіх украінскіх калегаў два запрашэньні. Імі скарыстаюцца сябры ЦВК Сяргей Каліноўскі і Ігар Плышэўскі. А супрацоўнік Цэнтравыбаркаму Глеб Хмялёў ужо працуе ва Ўкраіне ў складзе місіі назіральнікаў БДІПЧ (Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека) АБСЭ.
Рэгістрацыя назіральнікаў на выбары скончылася 15 ліпеня. Паводле ЦВК Украіны, зарэгістраваныя 1719 афіцыйных назіральнікаў. Зь іх 1602 ад 22 міжнародных арганізацый і 117 ад 12 замежных краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна скасавала запрашэньне назіральнікам ПАРЭ на выбары ў РадуРасейцаў назіраць не пусьцілі
«12 ліпеня Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі 17 афіцыйных назіральнікаў ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Гэта грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі, якія ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Закону Ўкраіны „Аб асаблівасьцях дзяржаўнай палітыкі па забесьпячэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту Ўкраіны на часова акупаваных тэрыторыях у Данецкай і Луганскай абласьцях“ „ня могуць быць афіцыйнымі назіральнікамі“», — адзначылі ў ЦВК.
Паводле ўкраінскага заканадаўства Расея — краіна-агрэсар, якая анэксавала Крым і пачала вайну на Данбасе.
Не назіралі расейцы і за прэзыдэнцкімі выбарамі, якія прайшлі сёлета ва Ўкраіне ў сакавіку і красавіку.