У нядзелю і панядзелак, 14 і 15 ліпеня, у сталіцы Расеі праходзілі мітынгі ў падтрымку апазыцыйных кандыдатаў з патрабаваньнем дапусьціць іх да выбараў у Маскоўскую гарадзкую думу, расказвае расейская служба Свабоды.
Цягам акцыі ў нядзелю жорстка затрымалі 39 чалавек, у тым ліку апазыцыйных лідэраў, але на ноч пакінулі толькі дваіх, прычым адна са зьняволеных — муніцыпальная дэпутатка. Нягледзячы на тое, што недапушчаныя да выбараў дэпутаты казалі, што ладзяць сустрэчы з выбарнікамі, улады расцанілі акцыі як несанкцыянаваныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разгон акцыі за сумленныя выбары ў Маскве. ГалоўнаеУдзельнікі пратэстаў расказвалі, што паліцыянты не прадстаўляліся, не паказвалі дакумэнтаў і не выстаўлялі патрабаваньняў, а проста білі пратэстоўцаў, наносілі ўдары ў галаву і ў жывот, цягалі за валасы, запіхвалі ў аўтазакі.
«У аўтазаку было яшчэ некалькі хлопцаў: у аднаго носам кроў ішла, у другога — страсеньне мазгоў было, — расказаў Свабодзе адзін з пацярпелых Пётар Пузікаў, зьбіцьцё якога ў аўтазаку зьнялі на відэа. — Яшчэ аднаму, які побач сядзеў, было вельмі кепска – яго моцна ўдарылі па пячонцы. Ён прасіўся выйсьці, але нас пасьля гэтага пачалі катаць па розных участках».
«Білі яны яшчэ да таго, як запхнулі ў аўтазак, — кажа Пузікаў пра відэа ягонага зьбіцьця. — У аўтазак запіхвалі ўсімі магчымымі спосабамі – білі нагамі, палкамі. Ніякіх патрабаваньняў не было прайсьці ў аўтазак. Нават іншых хлопцаў, якія ім у твар крычалі: «Не заломвайце мяне, я сам спакойна дайду!», іх усё роўна вельмі жорстка затрымлівалі. Падалі банкаўскія карткі, тэлефоны, акуляры…»
Пузікаў кажа, што сур’ёзных траўмаў на сабе не заўважыў, але «сінякоў на целе дастаткова».
Затрыманых урэшце даставілі ў аддзяленьне паліцыі, але на прапускным пункце іх не чакалі. Пузікаў сьцьвярджае, што супрацоўнік паліцыі зьвярнуўся да затрыманых: «Вы па якім пытаньні?» Тыя адказалі: «Ні па якім, прабачце». Частка затрыманых змагла безь перашкод пакінуць адзьдзяленьне, у тым ліку юрыстка «Фонду барацьбы з карупцыяй» Любоў Собаль. Але яе дагналі і зноў затрымалі.