Вуліца Францыска Скарыны ў Маладэчне з разнастайнай ежай і графіці можа даць фору менскім Зыбіцкай і Кастрычніцкай.
«Гэтаму месцу пашанцавала, што сюды прыйшлі мы»
«Мы аддаём праекту ўвесь вольны час. Амаль жывем тут цяпер, — кажуць ініцыятаркі праекту Ганна Холад і Ганна Сафонава. — Для нашай каманды гэта трэцяе месца па-за домам і працай. Працуем на голым энтузіязьме».
Сёньня вуліца Францыска Скарыны ў Маладэчне — гэта 10 пунктаў з вулічнай ежай і больш за тузін графіці. Крэатыўная прастора разьмясьцілася на звычайным міні-рынку «Спадар» у цэнтры Маладэчна.
Яшчэ пару гадоў таму «Спадар» выглядаў як стэрэатыпны рынак з 90-х. Пакупнікоў і прадаўцоў станавілася ўсё менш.
«Гэта не было нейкае прывабнае месца. Гэта быў хутчэй праезд паміж павільёнамі. Самі жыхары казалі, што месца загінаецца. Яму пашанцавала, што сюды прыйшлі мы», — сьмяюцца жанчыны.
Шлях да сэрцаў гасьцей гораду маладачанцы праклалі праз страўнік. Маладэчна стала пунктам беларускага гастратурызму дзякуючы бургернай Sabroso. Даша з Маладэчна і Жэан Франка з Вэнэсуэлы адкрылі яе ў адным з шапікаў. Цяпер на вуліцы 12 пунктаў з вулічнай ежай: ад кібінаў да сушы.
«Ёсьць нават негалоснае правіла паміж уладальнікамі пунктаў: ствараць месцы з рознай ежай. Ідэя ў тым, каб было больш разнастайнасьці і менш канкурэнцыі», — тлумачаць актывісткі.
Аднак праект «вуліца стрыт-фуду» ня толькі і ня столькі пра ежу, тлумачыць Ганна Сафонава. Ідэя ў тым, каб людзі зьбіраліся разам.
Усё пачалося з сустрэч дыскусійнага клюбу жыхароў Маладэчна. Туды прыходзяць і пэнсіянэры, і людзі з інваліднасьцю, і бацькі ў дэкрэце. Разам яны думаюць, як зрабіць месца, дзе жывуць, лепшым.
«На адной з сустрэч выявілася, што гораду не хапае такой крэатыўнай прасторы, дзе можна было б праводзіць сустрэчы, слухаць жывую музыку. Узяліся за справу», — кажа Ганна Холад.
Спачатку вуліцу зрабілі пешаходнай. Потым на ёй зьявіліся розныя фішкі: гадзіньнік ката Францыска, бочкі зь негалоснымі правіламі вуліцы, галерэя вулічнага мастацтва, падвешаныя парасоны, элемэнты вулічнага вязаньня.
Адзін бок вуліцы расьпісалі мастакі і мастачкі з розных краінаў, якія прыяжджалі ў Беларусь па праграме Erasmus. Маладэчна, на іх думку, у пляне вулічнага мастацтва — вельмі стэрыльны горад. Аўтараў прасілі прытрымлівацца тэмы клопату аб прыродзе і не абмяжоўвалі ў мастацкай тэхніцы.
Другі бок вуліцы расьпісвалі маладыя мастакі і мастачкі пад наглядам вядомага мастака і арт-актывіста Ігара Стахіевіча, больш вядомага пад імем Bazinato. Разам з маладачанскай мастацкай школай ён запусьціў курс для дзяцей пра розныя практыкі сучаснага мастацтва. Усе, хто хацеў, маглі сябе паказаць.
«Мы запусьцілі гэта для таго, каб зьявіўся нейкі калектыўны досьвед. Каб можна было прыходзіць і нешта рабіць разам. Шмат людзей прыходзілі і казалі: „Божа мой, як вы папсавалі ўсе шапікі!“ Але звычка мяняецца вельмі хутка. Праз тыдзень-два людзі прывыкаюць ужо да малюнкаў», — кажа Bazinato.
Найбольшы рэзананс выклікала незвычайная праца мастака Максіма Восіпава з Гадзілай у вышыванцы.
«Да нас падыходзілі бабулі і казалі: „Мы тры разы чыталі ў інтэрнэце пра гэтую працу і пра гэтае сучаснае мастацтва. Усё адно нічога не разумеем“. Затое ў іх аспэкты жыцьця ўлілося такое паняцьце — „сучаснае мастацтва“. Гэта добра. Я ведаю іх праблемы, чаму б ім ня ведаць мае? Я ведаю перадачу „Малахаў+“. Чаму яны ня могуць пачытаць пра сучаснага мастака? Гэта гісторыя пра тое, што ў нас няма сувязі пакаленьняў. Ёсьць стэрэатып пра бабуль і моладзь. Але калі мы размаўляем, то знаходзім агульную мову», — распавядае Bazinato.
Жыхарка Маладэчна 88-гадовая Кацярына прыйшла на адкрыцьцё вуліцы, каб паслухаць канцэрт.
«А чаго сядзець дома? Добра, калі нешта адбываецца ў горадзе. Людзі павінны сустракацца і размаўляць», — кажа жанчына.
«Калі мясцовыя жыхары адразу ўспрымалі вулічнае мастацтва даволі рэзка, то з мэбляй для вуліцы нам дапамагалі з ахвотай, — кажуць арганізатаркі. — Бабулькі прыносілі кветкі, самі высаджвалі ў бочкі і палівалі. Гэта ўжо мастацтва мясцовых жыхароў. Магчыма, у будучыні тут будзе гарадзкі агарод. Высадзім кроп, кабачкі, павойную фасолю».
«Зь дзяржаўнага бюджэту грошай нам не давалі»
Грошы на праект вылучыў мабільны апэратар velcom | A1 у рамках конкурсу Social Weekend. Актывісты атрымалі 10 000 рублёў у намінацыі «Па-беларуску».
Самай дарагой часткай праекту было зрабіць вуліцу пешаходнай. За распрацоўку пешаходнай зоны і 22 дарожных знакаў запатрабавалі 4000 рублёў. Улады не перашкаджалі, кажуць арганізатаркі. «Наадварот. Дэпутат нават езьдзіў у ДАІ, каб дапамагчы нам узгадніць дарожныя знакі».
«Мы разьлічвалі нават на меншую суму, — кажуць арганізатаркі. — Аднак усё адно вырашаюць людзі. Калі няма актыўных людзей, то грошы не дапамогуць. Шмат да каго мы зьвярталіся наўпрост па паслугі: адшліфаваць дошкі, перавезьці штосьці — і ўсе ішлі насустрач. Зь дзяржаўнага бюджэту грошай нам не давалі».
Адметнасьць вуліцы — інклюзіўнасьць і клопат пра безбарʼернае асяродзьдзе. Праўда, пакуль пандусамі абсталяваныя ня ўсе пункты.
«Ня ўсё адразу. Але мы хочам зрабіць вуліцу максымальна даступнай. Для нас вельмі важна, каб сюды мог трапіць кожны», — кажа аўтарка інклюзіўнага квэсту Маша Калесьнікава.
На пытаньне, што будзе з вуліцай зімой, актывісткі пакуль не адказваюць. «Калі „Пясочніца“ у Менску пазыцыянуе сябе як „стрыт-фуд даўжынёю ў лета“, то мы пакуль дакладна ня ведаем. У раёне Бэрліну Нойкёльне, якім мы натхняемся, ёсьць усялякія зімовыя забавы для дзяцей. Але да зімы яшчэ трэба дажыць», — кажа Ганна Сафонава.
Як знайсьці «вуліцу стрыт-фуду»: Маладэчна, вуліца Францыска Скарыны, 14, рынак «Спадар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трубач над горадам: музыка прыдумаў для Віцебску новую традыцыю ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вывучаў ангельскую зь відосаў у інтэрнэце і паступіў у Гарвард»